Наша хрысціянскае жыццё вельмі часта праз нас самых бывае схаванае. Мяркуем, што нашыя адносіны з Богам, гэта адносіны, якія не павінны выходзіць па-за межы касцёла, або маёй хаты. Невядома часам, якая прычына гэтага, можа мы саромяемся Езуса, сведчання аб Ім, а можа лічым, што жыццё з Богам, гэта толькі нядзельная св. Імша, а тое штодзённае – само сабой будзе ўкладвацца.
Езус заклікае нас: ”Не бойцеся людзей, бо няма нічога схаванага, што б не адкрылася, і нічога патаемнага, што б не стала вядомым. Што кажу вам у цемры, гаварыце на святле, і што на вуха чуеце, прапаведуйце на дахах” Дзяліцца верай – нашае пакліканне, але дзяліцца можым толькі тым, што самыя маем. Таму Езус заахвочвае нас да таго, каб мы станавіліся ягоннымі сведкамі, як бы прадаўжэннем ягонных рук, каб мы, будучы аднім з Ім целам, станавіліся Ягоннымі вачыма, хваляваліся і дапамагалі патрабуючым. Ён заклікае несці радасць і дзяліцца заўсёды сваім унутранным багаццем.
Пан Езус нагадвае, што “… кожнага, хто вызнае Мяне перад людзьмі, і Я прызнаю перад Айцом Маім, які ў нябёсах. А хто адрачэцца ад Мяне перад людзьмі, ад таго і Я адракуся перад Айцом Маім, які ў нябёсах”. Напэўна некаторыя могуць сказаць: “Дык я ад Езуса не адракаюся”, аднак кожны грэх, гэта адмова ад сяброўства з Богам, кожны ўчынак, які не сведчыць аб Ім, гэта адмова нашага даверу Богу.
Кожны грэх, з’яўляецца духоўным злачынствам, якое аддаляе нас не толькі ад Бога, але і ад другога чалавека. Ніхто не хоча жыць разам са злачынцам, бо такі чалавек выклікае страх, вымушаючы да пільнасці. Жыццё ў страху зневаляе, прабуджае недавер і вядзе да духоўнай смерці, пра што ўзнадвае Св. Павел Апостал: “Аднак смерць валадарыла ад Адама аж да Майсея нават над тымі, хто не саграшыў падобна злачынству Адама, які ёсць правобразам будучага. Але з дарам ласкі не так, як са злачынствам. Бо калі праз злачынства аднаго памерлі многія, то дзякуючы ласцы аднаго чалавека, Езуса Хрыста, нашмат больш ласкі Божай і дару сышло шчодра на многіх” (Рым 5, 12–15). Таму Езус – наш адзіны лек і магчымасць вяртання да супакою пры ўмове поўнай адданасці Яму.
Давайце ж заўважым Езуса побач і ўчынім Яго лепшым сябрам і дазволім Яму змяняць нас, і тады пакіне нас боязь таго, хто “…можа забіць цела”, не дазваляючы, каб грэх, які можа “забіць душу”, не панаваў над намі.