VІ Парафіяда для дзяцей і моладзі Гродзенскай дыяцэзіі, 16 чэрвеня, ўрачыста распачалася ў парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Марыі Панны (Гродна-Паўднёвы). Традыцыйна гэтае спартыўна-рэлігійнае і творчае мерапрыемства, на якім прымае ўдзел каля 400 чалавек з 29 парафій, распачалося з малітвы.
Эўхарыстычную Ахвяру, якую папярэдзіла чэрвеньскае набажэнства, узначаліў кс. біскуп Аляксандр Кашкевіч, ардынарый Гродзенскай дыяцэзіі. На пачатку св. Імшы ўсіх прысутных прывітаў кс. Аляксандр Раманоўскі, пробашч мясцовай парафіі, затым прывітальнае слова сказаў шматгадовы галоўны арганізатар парафіяды ў Гродзенскай дыяцэзіі кс. Артур Малафей, у якім прывітаў таксама прысутных гасцей, кіраўнікоў міжнароднай парафіяды. Галоўны кіраўнік згуртавання “Парафіяда” не хаваў сваёй радасці з таго, што вялікая справа прыносіць шмат радасці, развіваецца і ўзрастае дзякуючы мясцовым арганізатарам. Таксама паважаны замежны госць уручыў памятныя сувеніры для ўсіх, хто дзейсна дапамагаў зладзіць гэтае мерапрыемства. Усіх прысутных прывітаў таксама архіпастыр Гродзенскай дыяцэзіі. Ардынарый падзякаваў гасцям з Польшчы за вялікі ўклад у справу развіцця парафіяды на мясцовым узроўні, а асабліва галоўнаму арганізатару кс. Артуру Малафею.
Пасля Божае Слова прамовіў кс. Раман Катлімоўскі. У гаміліі кс. Раман засяродзіўся над дэвізам сёлетняй парафіяды “Радасць Евангелля” і запэўніў усіх прысутных у тым, што “кожнае сэрца створана для радасці, кожнае сэрца шукае радасці, а яе крыніцай з’яўляецца Госпад”. Прапаведнік заклікаў усіх прыносіць гэтую радасць у сваё паўсядзённае жыццё, дзяліцца ёю, а не зачыняць ў касцёле: “Праз гэтыя пару дзён будзеце мець добрую нагоду дзяліцца радасцю веры ў нашага Пана”.
На завяршэнне св. Імшы моладзь і дзеці ўрачыста ўнеслі флаг парафіяды і прачыталі малітву ўдзельніка парафіяды, пасля чаго VІ Дыяцэзіяльная Парафіяда была аб’яўлена адчыненай. Перад благаслаўленнем, кс. біскуп Аляксандр Кашкевіч сказаў: “ (...) Гэтыя тры дні ў святыні, на стадыёне і ў тэатры прынясуць свой плён”. Ардынарый падзякаваў гасцям з Польшчы за вялікі ўклад у справу развіцця парафіяды на мясцовым узроўні, а асабліва галоўнаму арганізатару кс. Артуру Малафею.
Малітва ўдзельніка парафіяды
Божа дзякую Табе за радасць, якую дае спорт і гульня,
дзякуй Табе за сяброўства, якое дзякуючы ім я адчуваю.
Не дазволь, каб я быў у перамозе фанабэрысты,
а ў паражэнні траціў надзею.
Усё, што Ты стварыў праслаўляе Цябе таксама і чалавечае цела,
якое цудоўным чынам Ты выляпіў з зямнога пылу.
Дапамажы мне праслаўляць Цябе ва ўсім,
а ў канцы дай мне ўзнагароду, якую Ты абяцаў пераможцу,
праз Хрыста Пана нашага.
Амэн.