Skip to main content

VІ Вялікодная Нядзеля. C. Антонія Шэйгерэвіч

«Калі любіце Мяне, будзеце захоўваць Мае запаведзі”, - калі мы сапраўды будзем любіць Езуса, то для нас не будзе цяжка захоўваць і выконваць тое, чаму Ён нас вучыць. Для таго, хто любіць – няма нічога цяжкага, каб нешта зрабіць для любімай асобы. Мы не бачым Езуса нашымі вачыма, бачым Яго вачыма нашай душы і нашага сэрца, калі шукаем і прагнем Яго. Каб нам у гэтым дапамагчы, Хрыстос даў нам Суцяшыцеля і Абаронцу – Духа Святога – любоў Айца і Сына. “Не пакіну вас,”- кажа Езус. І Ён сапраўды з намі. Калі мы адчуваем сябе самотнымі і нам цяжка, і здаецца, што ніхто не можа нам дапамагчы і мы нікому не патрэбныя – не можам тады не ўспамінаць словы Хрыста, што Ён заўсёды з намі і дае нам Духа праўды. Толькі жывучы ў праўдзе, мы можам быць сапраўды шчаслівымі і поўнымі радасці Божай. Калі сапраўды ўсвядомім, што Бог жыве ў нас, і адчуем Яго любоў – не зможам далей жыць без Яго – крыніцы любові і радасці.

Езус таксама чакае ад нас доказу нашай любові да Яго. Калі мы самі напоўнены ёю, то не можам не дзяліцца ёй з іншымі і так будзем выконваць Яго запаведзь любові, чым патвердзім нашую любоў да Яго. “Хто мае запаведзі Мае і захоўвае іх, той любіць Мяне. А хто любіць Мяне, таго палюбіць Айцец Мой, і Я палюблю яго, і аб’яўлюся яму” (Ян 14, 21). Самае найважнейшае на зямлі – гэта любоў, бо Бог ёсць любоў. Мы створаныя з любові і для любові, і таму неспакойнае нашае сэрца, пакуль не адкрые любоў Бога.

Няхай нашае жыццё будзе падзякай Богу за Яго бязмежную любоў. Няхай Дух Святы напаўняе нас ласкай пазнання Божай любові і ўзрастання ў ёй, каб кожная нашая думка і кожны ўчынак быў прасякнуты Божай любоўю, якая дае нам сапраўдную радасць жыцця.