Мы трываем у пасхальным часе, радасна спяваем Аллелюя і хвалім Хрыста праз Яго ўваскрасенне. Нядзельнае Евангелле паволі падрыхтоўвае нас да ўрачыстасці Спаслання Святога Духа. Хоць сёння яшчэ пасхальны час, св. Ян Евангеліст прадстаўляе нам развітальную размову Хрыста з вучнямі яшчэ перад Яго мукай і смерцю.
Хрыстос ведае сэрцы вучняў: яны Яго яшчэ не разумеюць, Ён ведае, што яны пакінуць Яго, не будуць разумець сэнс Яго смерці і таму кажа ўсё, што з Ім станецца, каб пацешыць іх сэрца і дадаць адвагі і веры, што ўсё пад кантролем. Езус дасканала разумее трывогу вучняў, але таксама ведае сілу веры, якая здолее апанаваць любы страх і трывогу, таму як бы не толькі кажа вучням верыць у Яго: “верыце ў Бога і ў Мяне верце”,- гэта не проста заклік Хрыста – гэта Яго наказ, даверцеся Богу і Мне.
“У доме Айца Майго шмат святліц. А калі б так не было, ці сказаў бы вам, што іду падрыхтаваць месца для вас” (Ян 14,2). Езус прадстаўляе вобраз свайго Айца і дома, у доме Айца Нябеснага месца ёсць для кожнага. Калі сэрца вучняў перапаўняюць пачуцці трывогі і страху – Хрыстос апавядае аб доме – што заўсёды напаўняе нашае сэрца пачуццём сямейнага цяпла, пачуцця бяспекі і сардэчнасці, мы заўсёды з радасцю і трымценнем успамінем нашае дзяцінства і дом. Праз гэта Езус хоча прывесці нас да адносін з Яго Айцом. Езус жыве дасканала з’яднаны з Айцом, і толькі праз пачуццё любові Айца Хрыстос мае сілы, каб аддаць за нас жыццё. Каб пазнаць Айца трэба пазнаць Хрыста – і гэта ёсць сэнс нашага жыцця, ісці за Хрыстом, а гэта азначае будаванне асабістай сувязі з Ім, “бо ўсё праз Яго сталася, і без Яго нічога не сталася з таго, што сталася. У Ім было жыццё” (Ян 1, 4).