Skip to main content

Біскуп Аляксандр Кашкевіч прыняў удзел у адкрыцці ІV Праваслаўна-Каталіцкага Форума

2 чэрвеня ў Белай зале Храма-помніка ў гонар Усіх святых і ў памяць бязвінна забітых у нашай Айчыне ў Мінску ўрачыста адкрыўся ІV Праваслаўна-Каталіцкі Форум на тэму «Рэлігійны і культурны плюралізм: выклікі хрысціянскім Цэрквам у Еўропе». У міжканфесійнай сустрэчы, як кіраўнік Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі прыняў удзел кс. біскуп Аляксандр Кашкевіч, ардынарый Гродзенскай дыяцэзіі.

Іерарх звяртаючыся да прасутных з прывітальным словам, адзначыў: “На працягу многіх стагоддзяў на гэтай зямлі жылі католікі і праваслаўныя, прадстаўнікі іншых веравызнанняў (…) Мы ўсведамляем, што нас аб’ядноўвае наш Пан Езус Хрыстус і Добрая Навіна пра збаўленне. Перад абліччам розных выклікаў сучаснасці мы маем патрэбу ў дыялогу”. Іерарх выказаў упэўненасць, што Форум стане для католікаў і праваслаўных “платформай для дыялогу”, дапаможа задумацца над тым, “якім можа быць наш адказ на сучасныя выклікі”.

Было таксама агучана прывітальнае пасланне папы Францішка.

Мэтай ІV Праваслаўна-Каталіцкага Форума з'яўляецца кансалідацыя хрысціянскіх сіл Еўропы для сумеснага сведчання сучаснаму свету і абароны хрысціянскіх каштоўнасцяў.

Раней падобныя мерапрыемствы праходзілі ў Трэнта (Італія), на востраве Родас (Грэцыя), у Лісабоне (Партугалія). Да ўдзелу ў Форуме ў Мінску запрошаны делегаты з 22 краін, у тым ліку больш за 40 каталіцкіх і праваслаўных іерархаў. Ініцыятарамі гэтай буйной сустрэчы сталі ў 2012 г. Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч і сённяшні ганаровы Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Філарэт.

Форум будзе праходзіць у сталіцы Беларусі па 6 чэрвеня.

Паводле Catholic.by