Вялікія дамы будуюцца з малых цэглаў. Грамадства будуецца малымі ініцыятывамі, рухамі, таварыствамі і проста маленькімі групамі неабыякавых людзей. “Хто, калі не МЫ” – суполка гарадзенскіх адзінадумцаў, якая займаецца дапамогай дзецям-сіротам і дзецям, якія засталіся без апекі бацькоў. Гэта не арганізацыя, прадпрыемства ці таварыства. Гэта проста людзі, якія ціха дапамагаюць.
“Хто, калі не МЫ” існуе ўжо 3 гады. У асноўным гэта людзі з інтэрнэту (суполка вконтакте, суполка ў facebook, суполка ў одноклассники, на гродзенскім форуме), якія перыядычна арганізоўваюць дабрачынныя акцыі ў Гродна і ваколіцах. Раней дапамагалі ў асноўным матэрыяльна (памперсы, адзенне, цацкі, сродкі гігіены і інш.), цяпер жа накірунак дзейнасці змяняецца. “Дзецям патрэбныя не цацкі – ім патрэбна сям’я, альбо прафесіяналы, выхавацелі і няні, дамы сямейнага тыпу”, - падкрэслівае Ірына Ваева, адна з мадэратараў суполкі, - “У нашых шпіталях, дзіцячым і інфекцыйным, знаходзіцца шмат навароджаных дзяцей, якія “чакаюць месца” ў доме дзіцяці. З-за таго, што ў шпіталях няма дадатковых штатных адзінак выхавацеляў і няняў, дзеці застаюцца сам-насам, а дакладней з белай столлю, таму што да іх заходзяць толькі пакарміць, пераапрануць, даць лекі”.
Падкрэсліваецца, што для навароджанага дзіцяці такое абыходжанне можа стаць прычынай сур’ёзных захворванняў. “Ад недахопу зносінаў з блізкім дарослым, дзеці не развіваюцца. Часцей за ўсё, ва ўзросце аднаго года асноўнай маса такіх дзяцей мае дыягназ ЗПР”, - кажа Ірына. Менавіта па-гэтаму “Хто, калі не МЫ” пачало далучэнне да арганізацыі Чырвоны Крыж, каб супольна стварыць групу валанцёраў, якія былі б з такімі дзецьмі ў шпіталях.
24 мая, суполка ідзе ў дзіцячы дом на вул. Янкі Купалы разам з ... 10 цырульнікамі, каб падстрыгчы дзяцей. Арганізатары спадзяюцца, што гэтая акцыя стане перыядычнай. “Стрыгчыся трэба ўсім і часта”, - з усмешкай дадае Ірына Ваева. Ініцыятыва “Цырульнікі – дзецям” ужо распаўсюджана ў Расіі, таму з’яўленне такой ідэі ў Гродна невыпадковае.
Усіх, хто хацеў б далучыцца да ініцыятывы неабыякавых гарадзенцаў з “хто, калі не МЫ”, просім званіць па тэл. 584-99-14 (мтс) – Ірына.
Таксама можна кантактавацца праз суполкі ў сацсетках, якія мы падалі вышэй.