V Звычайная Нядзеля. Кс. Аляксандр Лебядзевіч
Словы Хрыста аб тым, што мы з’яўляемся соллю зямлі і святлом свету, гучаць сёння як заданне і абавязак для кожнага, хто верыць у Яго.
Разумеем неацэнную вартасць солі: яна надае смак ежы і захоўвае яе ад сапсавання. Немагчыма, таксама, уявіць сабе жыццё без святла. Параўноўваючы сваіх вучняў з соллю і святлом, Езус хоча навучыць, што яны павінны быць сродкам для захавання і выратавання іншых. Каб засцерагчы прадукты, іх неабходна змяшаць з соллю, якая павінна прасачыць іх наскрозь. Так і сіла Евангелля можа дайсці да людзей толькі пры ўмове асабістых адносінаў са св. Пісаннем. Мы павінны наблізіцца да людзей настолькі, каб іх сэрцы сагрэліся нашай бескарыслівай любоўю.
Слухаючы словы Езуса, лёгка ўявіць сабе белую соль, выкінутую на дарогу , таму што яна страціла сілу і стала непрыдатнай. Гэтая ілюстрацыя паказвае духоўны стан фарысеяў і ўсіх тых, хто ахладзеў да Хрыста.
Без жывой веры ў Хрыста, як нашага асабістага Збавіцеля, немагчыма аказаць уплыў на наш грэшны свет. Мы ніколі не зможам даць іншым тое, чаго самі не маем. Толькі асабіста прысвяціўшы сябе Хрысту, мы зможам пазітыўна ўплываць на іншых. Там, дзе служэнне Богу не выяўляецца ў справах, дзе няма шчырай любові, глыбокіх рэлігійных перажыванняў, - там не можа быць сілы для дапамогі іншым, адзінства з Небам. Калі мы жывем не паводле Евангелля - мы падобны да непрыдатнай солі, якая страціла сілу. Калі нашыя словы і ўчынкі не сведчаць пра Хрыста, то гэтым мы даказваем, што праўда, у якую мы, як быццам, верым, не валодае ніякай сілай і моцай, і па гэтай прычыне ў нашым асяроддзі Божае Слова становіцца бяздзейсным…
Мы - соль зямлі, мы - святло свету, - не забывайма ж пра гэта!