Знакавая падзея для каталікоў Лідчыны адбудзецца 11 лютага, у дзень успаміну Найсвяцейшай Панны Марыі з Лурда. Акрамя таго, гэтая дата ў календары значыцца і як Сусветны дзень хворых. У гэты дзень адбудзецца адкрыццё аднайменнай капліцы пры Лідскім Цэнтральным Раённым Шпіталі.
Што будзе ўяўляць сабой капліца пры Лідскай ЦРБ? Гэта будзе невялікі самастойны храм плошчай крыху менш за 30 м², разлічаны на 30 месцаў. Ён размяшчаецца ў памяшканні старога аддзялення траўматалогіі. На рэканструкцыю памяшкання рабілі ахвяраванні вернікі горада. Капліца будзе адкрыта штодня з 8.00 да 18.00. Увечары будуць праходзіць сустрэчы малітоўных груп, а па суботах – св. Імша. Праводзіць іх будзе капелан Лідскай ЦРБ кс. Юрый Бяганскі, які таксама з'яўляецца вікарыем парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі.
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч казаў, што хвароба заўсёды з'яўлялася асаблівым станам чалавека, таму што чалавек - не біялагічная машына, а тонкае спалучэнне цела і душы. Цяпер і вернікі парафій Лідчыны, апынуўшыся ў бальніцы, змогуць атрымліваць духоўную падтрымку. Літургічны абрад асвячэння капліцы правядзе біскуп Аляксандр Кашкевіч 11 лютага ў 14.00.
Вольга Ніканенка