24 і 25 снежня, дзеці і моладзь з Фарнага касцёла горада Ліды, паказвалі традыцыйную сцэнку пра Божае Нараджэнне. Галоўным рэжысёрам прадстаўлення была с. Кляра CSFN. У батлейцы ўдзельнічала каля 20 чалавек.
Па словах адной з акторак, Ілоны Стрыбуць, сюжэт інсцэнізацыі быў наступны: “Адзін з анёлаў меў місію: распавесці ўсім пра Нараджэнне Хрыста. Калі той распавёў пра гэта іншаму анёлу, той вырашыў распавесці пра Нараджэнне Езуса жыхарам Бэтлеему. Спярша анёл завітаў да мясцовага гандляра. Аднак гандляр цікавіўся толькі грашыма і нараджэнне Хрыста яго не цікавіла. Тады анёл пайшоў да паэта, аднак паэт не цікавіўся нічым акрамя сваіх твораў. Пазней галоўны герой пайшоў да модніцы, але тая не мела чаго апрануць і не пайшла да Езуса. Напрыканцы анёл завітаў да астранома, аднак астранома цікавілі толькі зоркі. Анёл расплакаўся, аднак два іншыя анёлы яго суцешылі”. “У канцы батлейкі ўсе героі сустрэліся каля стайні нованароджанага Хрыста”, - падсумавала суразмоўца.