16 снежня ў панядзелак у Гродне адбыўся Адвэнтавы дзень засяроджання для ўсіх, хто займаецца катэхізацыяй у Гродзенскай дыяцэзіі, у якім прыняло ўдзел каля 50 чалавек. Канферэнцыі праводзілі айцец Андрэй Шчупал CSsR, дырэктар Аддзела навучання і выхавання, і сястра Нунэ Цітаян MSF, прадстаўнік Катэхетычнай камісіі пры епіскапаце ў Беларусі.
Сустрэча распачалася а 10 гадзіне. Айцец Андрэй прывітаў удзельнікаў і азнаёміў з праграмай. Ужо праз 15 хвілін прадстаўляла свой рэферат с. Нунэ на тэму “Выклікі і заданні катэхета ва ўмовах Новай Евангелізацыі на аснове апошняга Кангрэсу катэхетаў у Рыме”.
Пасля абмеркавання пытанняў, якія ўзнікалі ў слухачоў па тэме рэферата, распачалася канферэнцыя "Духоўнасць катэхета ў святле прамовы Святога Айца Францыска да катэхетаў ад 27.09.2013 г.”, якую праводзіў айцец Андрэй Шчупал. Ён, разважаючы над словамі папы Францыска, распавядаў, якім павінен быць катэхета, і што азначае пакліканне быць катэхетам: “Як сведак Хрыста, павінен пераказваць жывую веру праз прыклад свайго ўласнага жыцця. (…) Вы павінны сваім жыццём даваць сведчанне веры, павінны знайсці час на малітву і чытанне Святога Пісання, і штодзённа вызнаваць сваю веру”.
Заклікаў удзельнікаў духоўных практыкаванняў памятаць, што “служыць маладым – значыць служыць Касцёлу – гэта першае найважнейшае заданне”. Айцец Андрэй параўнаў працу катэхетаў з інструментам, які Бог накіроўвае да маладога пакалення.
Вяртаючыся да слоў Святога Айца, прамоўца падкрэсліў важнасць малітвы за маладых, а таксама неабходнасць дапамогі моладзі ў распазнанні свайго паклікання і выбару жыццёвага шляху.
Важнай часткай рэкалекцый стала малітва перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам. Была таксама магчымасць прыватнай гутаркі і споведзі.
Заканчэннем Адвэнтавага дня засяроджання для катэхетаў была Святая Імша ў Пабрыгіцкім касцёле, якую ўзначаліў ксёндз біскуп Аляксандр Кашкевіч. У гаміліі а. А. Шчупал звярнуў асаблівую ўвагу на словы Езуса: “Дык ідзіце і навучайце ўсе народы, (…) навучаючы іх выконваць усё, што Я вам перадаў. І вось, Я з вамі ва ўсе дні аж да сканчэння веку” (Мц. 28, 19-20). Айцец заклікаў шукаць адказы на ўсе ўзнікаючыя пытанні ў Евангеллі.
Нагадаў словы кс. біскупа Аляксандра, што “вера – гэта сведчанне катэхеты, ад глыбіні маёй веры залежыць паспяховасць маёго катэхетычнага служэння. (…) Гэта вялікая ласка, і мы павінны прасіць яе (веру) ў Езуса кожны дзень – Пане, памнож у нас веру”. Прапаведнік параўнаў выхаваўцаў са святлом, якое павінна свяціць у цемры, якая агарнула зямлю, у “цемры маральнай”. Папрасіў памятаць, што “без духоўнай фармацыі (выхавання), без сведчання веры не будзе катэхізацыі.” Напрыканцы гаміліі падкрэсліў вельмі важную ролю катэхетаў у фарміраванні хрысціянскага светапогляду ў дзяцей і моладзі.
Пасля супольнай Эўхарыстыі ў касцёле адбылася аплаткавая сустрэча, дзе кожны меў магчымасць павіншаваць бліжняга з надыходзячымі святамі.
Марына Белаблоцкая