Skip to main content

10 юнакоў прынялі святарскія і дыяканскія пасвячэнні

Зайграў арган і вялікай працэсіяй у галоўны каталіцкі касцёл дыяцэзіі ўвайшлі шматлікія святары і семінарысты. “Пане, ты паглядзеў на мяне, Твае вусны вымавілі імя маё…” Гэтыя словы хіба не раз паўтарыліся ў сэрцах дыяканаў Юрыя Гурскага і Паўла Безляповіча, а таксама клерыкаў Паўла Раманоўскага, Аляксандра Вараб’ёва, Дзмітрыя Леўчыка, Аляксандра Сямінскага, Паўла Мазана, Юрыя Садоўскага, Алега Яновіча, Марэка Занеўскага, якія ўчора, 7 снежня, прынялі святарскія і дыяканскія пасвячэнні.

Урачыстая св. Імша распачалася… Рэктар семінарыі кс. прэлат Юзаф Станеўскі, новапрызначаны дапаможны біскуп гродзенскай дыяцэзіі, прадставіў годных кандыдатаў да паслугі дыяканату і прэзбітэрату галоўнаму цэлебранту св. Імшы Яго Эксцэленцыі біскупу Аляксандру Кашкевічу.

Абрад пасвячэнняў прыгожа зліваецца з св. Імшой, працягваецца… Вось наступае момант, якога напэўна кандыдаты чакалі з асаблівым узрушэннем. Біскуп-намінант распачынае сваю гамілію – словы, якія закараняцца ім ў памяці на ўсё жыццё, бо сказаны ў галоўны момант – момант прысвячэння сябе Богу і справе Духа Святога.

На пачатку кс. рэктар Юзаф Станеўскі прыгадаў сабраным, што мы ведаем кожнага з кандыдатаў, “але ёсць нехта, хто ведае іх лепш за нас, да глыбіні, да сутнасці… - гэта Хрыстус – найвышэйшы святар, той, хто паклікаў іх па імені ў патрэбную гадзіну, калі праходзіў каля возера іх жыцця...” і “паклікаў, і яны пайшлі”. Святар параўнаў узрастанне семінарыстаў з пілігрымкай, ў якую павёў іх Езус. Яна пачалася ад самага нараджэння і прадоўжылася ў семінарыі, дзе было многа выпрабаванняў і ўзнікала шмат пытанняў, на іх былі патрэбныя адказы, якія яны знайшлі ў Евангеллі.

Біскуп элект, звярнуў увагу, што сёння той Божы дотык, які яны атрымаюць, неабходна пераказваць далей, праз сакраманты, праз справаванне Эўхарыстыі, прапаведаванне Евангелля, “але, як гаварыў папа Францыск, мы не можам абмяжоўвацца толькі гэтым, мы павінны выходзіць насустрач тым, хто шукае, сярод іх таксама ёсць грэшнікі, і дакрануцца да іх гэтым дотыкам Пана.”

Заканчваецца гамілія, абрад пасвячэнняў імкнецца да сваёй кульмінацыі. Кс. Юзаф нагадаў, што святар павінен быць чалавекам малітвы, “бо ў часе малітвы, у часе размовы з Панам нараджаюцца душпастырскія плады”. Прыгадаў словы папы Бенедзікта XVI, што “вернікі патрабуюць ад нас, каб мы былі спецыялістамі духоўных справаў, сустрэчы чалавека з Богам”, і папы Францішка: “вы павінны мець пах людзей, да якіх пасланы”… “тых, каго сустракаем і не толькі ў святыні”. “Павінны быць з людзей, для людзей і з людзьмі і крочыць сцяжынкай, якая вядзе да збаўлення, да шчасця”.

Клерыкі і д'яканы выражаюць арцыбіскупу сваю добрую волю і адказваюць сваё “Так” на вызначаныя пытанні, а таксама абяцаюць пашану і паслухмянасць свайму біскупу. Гучаць словы: “Бог, які распачаў гэтую справу, няхай Сам яе завершыць”. Вернікі спяваюць Літанію да ўсіх святых, пасля якой кс. біскуп Аляксандр ускладае рукі на галовы кандыдатаў, прамаўляе формулы пасвячэнняў і наказвае: “Прымі Евангелле…, вер у тое, што прачытаеш, навучай таму, у што паверыш, і выконвай тое, чаму будзеш навучаць….Жыццё сваё ўпадабняй да таямніцы Крыжа Пана”.

Напрыканцы св. Імшы да прысутных звярнуўся гродзенскі біскуп Аляксандр Кашкевіч, які падзякаваў сем’ям кандыдатаў, параўнаўшы іх (сем'і) з першай семінарыяй. Біскуп Аляксандр падкрэсліў, што кожнае пакліканне паходзіць ад Пана і з’яўляецца Яго дарам і таямніцай, дарам ласкі Божай, нічым незаслужаным. Скіраваў словы Езуса з Евангелля да новапрэзбітэраў і д’яканаў: “не вы мяне выбралі, але я вас выбраў, і прызначыў, каб вы ішлі і прыносілі плён” (Ян 15,16). Пажадаў духоўнага ўзрастання, паглыблення веры і сувязі з Хрыстом, адзіным і вечным святаром. Падзякаваў, што адказалі “так” на заклік Езуса Хрыста.

Новапрэзбітэры і д'яканы таксама падзякавалі за атрыманыя ласкі і выразілі гатоўнасць плённа служыць на ніве Пана.

Марына Белаблоцкая