Гурт сярэднявечнай беларускай музыкі "Стары Ольса" 25 лістапада а 19-й гадзіне ў канцэртнай зале Гродзенскага дзяржаўнага музычнага каледжа прадставіць свой новы альбом "Полацкі сшытак" ч.2. Падчас прэзентацыі будзе выконвацца песня Авэ Марыя на незвычайную мелодыю.
Справа ў тым, што музыка і словы ўзятыя з рукапісу ХІV стагоддзя Llibre Vermell de Montserrat (в перакладзе з каталанскай мовы «Чырвоная кніга кляштара Мантсэррат»). Узгаданы манускрыпт з бенедыктынскага кляштара ў Каталоніі захаваў дзесяць сярэднявечных песень.
"Стары Ольса" – гурт сярэднявечнай беларускай музыкі, існуе з 1999 г., стваральнік і кіраўнік – Зміцер Сасноўскі. Склад – 6 чал. Назва – ад ручая ў заходняй Магілёўшчыне.
У рэпертуары – беларускія народныя балады і ваярскія песні, творы беларускіх кампазітараў эпохі Рэнесанса, кампазіцыі з беларускіх зборнікаў прыдворнай музыкі ("Полацкі сшытак", "Віленскі сшытак"), беларускія канты 16 - пачатку 17 стагоддзяў, а таксама еўрапейскія папулярныя мелодыі эпохі Сярэднявечча і Рэнесанса. Гурт супрацоўнічае з рыцарскімі клубамі, музеямі, даследчыцкімі цэнтрамі, майстрамі старадаўніх інструментаў, з гуртамі старадаўняй музыкі і асобнымі выканаўцамі на старых інструментах.
Музыка гурта дазваляе аднавіць гучанне многіх забытых інструментаў. Для выканання выкарыстоўваюцца максімальна магчымыя копіі (па выгляду, тэхналогіі і сыравіне) даўніх беларускіх інструментаў - дуды (валынкі), ліры, гусляў, свірэлі, варгана, акарыны, сурмы, берасцяной трубы, гудка, барабана.
Мэта – найбольш поўная (па-магчымасці) рэканструкцыя музычных традыцый Вялікага княства Літоўскага, асноўнай культурнай і геапалітычнай часткай якога ў 13-18 стагоддзях была Беларусь. У Вялікім княстве Літоўскім быў створаны ўнікальны сінтэз беларускай народнай і прыдворнай музыкі з еўрапейскімі музычнымі дасягненнямі. Дзеля адраджэння гэтай культурнай асаблівасці ўдзельнікі гурта спалучаюць гучанне старажытных беларускіх інструментаў і агульнаеўрапейскіх сярэднявечных інструментаў – лютняў, рэбека, флейтаў.
Акрамя ўласных тэатралізаваных канцэртаў, гурт выступае на фестывалях сярэднявечнай культуры, рыцарскіх турнірах і фальклорных фестывалях.
Запісаны 7 альбомаў і 1 музычны праект. Музыка гурта ўвайшла ў 7 зборнікаў выканаўцаў старадаўніх мелодый.
З 2003 года распачаў працу і танцавальны склад гурта (тэатр "Яварына" - старонка "Тэатр Яварына"), які пад час выступаў знаёміць гледачоў са старадаўнімі танцавальнымі традыцыямі.
Паводле вэб-сайтаў Стары Ольса