Skip to main content

XХХІIІ Звычайная Нядзеля. С. Антонія Шэйгерэвіч

XХХІIІ Звычайная Нядзеля. С. Антонія Шэйгерэвіч

Сённяшняе Евангелле запрашае нас паглядзець на нашае сведчанне аб веры ў Хрыста. Езус прадказвае сваім вучням аб тым, што іх будуць праследаваць, але не толькі іх, але таксама і тых, хто дзякуючы ім будуць верыць.

На працягу ўсёй гісторыі ад нараджэння Езуса мы можам праслядзіць, як праследавалі хрысціянаў. І ў нашыя дні мы бачым тое самае. Ніхто нас сёння не садзіць у вязніцы, не ставіць перад каралямі і намеснікамі за імя Хрыста, але мы бачым, як цяжка нам быць у сённяшнім свеце сапраўднымі хрысціянамі: жыць паводле запаведзяў і згодна з навукай Касцёла.

Езус кажа, што нават нашыя блізкія (бацькі, браты, знаёмыя, прыяцелі) будуць супраць нас “І зненавідзяць вас усе за імя Маё,” – што гэта значыць для нас? Хрыстос папярэджвае кожнага з нас, што хто захоча быць сапраўдным вучнем Ягоным, павінен быць прыгатаваны, несці крыж, як і Езус. Менавіта для некаторых гэта і будзе “праследаваннем”, бо трэба нам вырашыць, ці хочам мы служыць Богу ці не. Іншага няма. Але ва ўсім гэтым, Езус кажа: “волас з галавы вашай не прападзе” – трэба даверыцца безадказна Пану, бо ўсё у Ягоных руках: нашае жыццё і смерць, радасць і смутак. Ён заўсёды крочыць з намі, вельмі блізка, каб абараняць “таму пастанавіце ў сэрцы сваім не клапаціцца наперад, як абараніцца, бо Я дам вам мову і мудрасць, якой не здолеюць супрацьстаяць ці супярэчыць праціўнікі вашыя”.