Skip to main content

Маці Божая Вастрабрамская – наша Маці!

касцёл св. Тэрэзы, ВільняТак склалася, што гісторыя нашага Касцёла неразрыўна звязана з Вільняй, а таксама з іконай Марыі – Маці Божай Вастрабрамскай. Красамоўным сведчаннем гэтага з’яўляюцца шматлікія копіі гэтага абраза, якія знаходзяцца амаль ва ўсіх каталіцкіх святынях нашай, цяпер ужо гродзенскай дыяцэзіі.

Гістарычная, а можа больш правільна, духоўная спадчына вернікаў нашай зямлі не дазваляе нам, сучаснікам, забываць месцы, дзе да Бога ўзносілі свае падзякі і просьбы нашыя продкі. Бясспрэчна – Вострая Брама адно з такіх месцаў! Таму ні межы, ні шматлікія цяжкасці з афармленнем дакументаў не могуць перашкодзіць вернікам гродзеншчыны, як і шмат гадоў таму, адведваць і маліцца перад вобразам віленскай Мадонны! Аб гэтым сведчаць шматлікія пілігрымы з розных куткой Беларусі, якія ў гэтых днях маюць за гонар быць каля абразу Маці Божай Міласэрнасці.

Натуральна, што да Маці Божай Вастрабрамскай, заступніцы і апякункі нашай зямлі, прыходзяць і тыя, хто пакліканы несці святло Божага Евангелля на гэтай жа зямлі, а менавіта семінарысты нашай Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне. Таму 12 лістапада ўся семінарыйная супольнасць на чале з ксяндзом пралатам Юзафам Станеўскім, рэктарам семінарыі, адведала Вільню, дзе разам са шматлікімі вернікамі з розных куткоў Беларусі ўзносіла свае малітвы да Маці Божай, шанаванай ў вастрабрамскай іконе.

Акрамя таго, адведваючы Вільню, семінарысты мелі магчымасць не толькі быць і маліцца ў Вострай Браме, але таксама свайго роду “дакрануцца” да гісторыі нашага Касцёла. Менавіта гэты горад на працягу стагоддзяў быў сталіцай не толькі нашай дзяржавы, але і духоўным цэнтрам нашай, тады яшчэ віленскай дыяцэзіі. Зведваючы віленскія вуліцы і святыні, стоячы ў маленькай капліцы Маці Вастрабрамскай, будучыя святары маглі адчуць усю моц веры нашых продкаў, глыбіню і хараство іх духоўнай традыцыі і культуры. Спадзяюся, што ўсё гэта дазволіць ім быць не толькі спадкаемцамі, але і тымі, хто захавае і перадасць будучым пакаленням праўду аб тым, што Маці Божая Вастрабрамская таксам і наша Маці, што вера нашых продкаў – гэта вера Святога, Апостальскага, Каталіцкага Касцёла!

кс. Віталій Сідорка