Skip to main content

Урачыстасць Усіх Святых

Урачыстасць Усіх Святых

(Кс. Андрэй Кеўлюк)

Дзіўнымі з'яўляюцца першыя дні лістапада, бо менавіта напачатку яго жыццё аддае даніну смерці. Пусцеюць вуліцы, а кожны католік спяшаецца на могілкі, агні ў дамах гаснуць, а загараюцца агні свечак, кожны замаўкае, каб слухаць, што кажуць магілы. Людзі цягнуцца на могілкі, каб слухаць гэтых прамоў і, магчыма, змяніць сваё жыццё...

 

Мы, людзі новага тысячагоддзя, напоўненыя духам матэрыялізму, які кажа нам, што смерць – гэта канец – быў чалавек, і няма чалавека, чалавечае жыццё – гэта толькі справа выпадку. І кожны з нас глядзіць на навакольны свет, і з аднаго боку бачыць магчымасці і цуды тэхнікі, а з другога боку – сотні шпіталяў і тысячы людзей паміраюць ад невылечных хвароб.

Чалавек шукае адказу на пытанні аб смерці, аб жыцці пасля смерці – ёсць яно, ці няма. Адказы на гэтыя пытанні можна знайсці толькі і выключна ў самым Хрысце. І сёння Ён адказвае кожнаму з нас сваім Уваскрасеннем і Унебаўшэсцем. Апостал Павел у пасланні да Карынцянаў так зазначыў: “Калі Хрыстус не ўваскрос, то марная нашая вера” (1 Кар 15,17). А сам Хрыстус даў кожнаму са сваіх вучняў абяцанне: “Хай не трывожыцца сэрца вашае. Верце ў Бога і ў Мяне верце. У доме Айца Майго жытла многа; калі б было менш, сказаў бы Я вам, бо іду прыгатаваць вам мейсца. І калі адыду да прыгатую вам месца, зноў прыйду і прыму вас да сябе, каб і вы былі там, дзе Я буду.” (Ян 14,1-3). Гэтыя словы разглежаныя ў кантэксце Уваскрасення дадаюць кожнаму з нас надзею і адвагу. І смерць становіцца не карай, але ўзнагародай. Яна становіцца парогам, праз які кожны з нас павінен будзе перайсці, каб спаткацца з Езусам Хрыстом - адзіным Збаўцай свету. З Ім сустрэлася ўжо так шмат нашых родных і блізкіх, і кожнага з нас чакае такая сустрэча. І як да кожнай сустрэчы, кожны чалавек шмат часу аддае, каб падрыхтавацца: робіць прычоску, адзявае самае прыгожае адзенне, задумваецца над тым, аб чым будзе размаўляць. А цяпер запытаемся кожны сам сябе: “Ці не павінен я падрыхтавацца да сустрэчы з Хрыстом?” І напэўна гэта самае важнае ў нашым жыцці? На адной са сцен аднаго з палацаў Кракава з,явіўся напіс: “не баюся смерці, але я баюся паміраць”. Напэўна напісаў іх чалавек, які забыўся пра Хрыста, забыўся аб тым, што Ён перамог сваім Змёртвыхпаўстаннем смерць, і што смерць - гэта сустрэча Хрыста, нашага Госпада.

У адным вясковым касцёле кожны дзень у Святой Імшы ўдзельнічала Малая прыбіральшчыца. Яна прыходзіла задоўга перад Імшой, а пасля яе заканчэння заставалася ў касцёле, і калі ўсе выходзілі, яна ішла да табернакулюм, апускалася на калені і працягвала свае невялікія, напрацаваныя рукі да Хрыста прысутнага ў Эўхарыстыі – яна проста доўга, доўга глядзела на яго і так трывала. Гэта адбывалася кожны дзень. Пакуль у адзін цудоўны дзень яна не прыйшла, так было і на наступны дзень... Жанчыны ў касцёле адразу заўважылі яе адсутнасць і вырашылі паглядзець, што з ёй сталася, бо ў яе нікога не было з родных. Прыйшоўшы да яе, жанчыны ўбачылі, што дзяўчынка вельмі моцна захварэла, яе жыццё гасла. Жанчыны ад гэтага дня як маглі дапамагалі ёй. А ў адзін з дзён ў кватэру ўвайшоў чужы чалавек, інстынктыўна ён кінуў капялюш на вяшак і ўвайшоў у пакой, дзе знаходзіўся ложак паміраючай Малой прыбіральшчыцы. Ён пахіліўся над ёй і спытаўся: “Можа табе нешта патрэбна мая дачурка?” Слабым голасам Яна адказала: “Нічога. Я проста хацела, табе, Тата, расказаць мой сакрэт, і хачу гэта зрабіць у прысутнасці гэтых жанчын. Мне было вельмі цяжка прымірыцца з думкай, што ты, Тата, сваімі паводзінамі прыспешыў смерць сваёй жонкі і маёй матулі праз збіванне яе, праз алкаголь і пастаянныя сваркі. Але я сапраўды не хачу, каб мой бацька-забойца, калі будзе стаяць перад Богам, пачуе словы, сказаныя яму: “Я не ведаю цябе, не ведаю, хто ты, ідзі прэч!” Вось чаму - гэтыя жанчыны могуць пацвердзіць гэта - кожны дзень у тваёй інтэнцыі я ўдзельнічала ў Святой Імшы і прымала Святую Камунію, і кожны дзень доўга малілася. А каб мая ахвяра была найбольш поўнай, я прасіла Бога прыняць маё маладое жыццё ў абмен на тваё. Праз некалькі дзён я памру, а ты, калі будзеш нясці на сваіх руках белую труну, павінен будзеш пераступіць парог касцёла, каб удзельнічаць у Святой Імшы… Па твары бацькі пацяклі слёзы.”

Любоў здольная пераадолець смерць, жыццё не скончыцца грудкай зямлі кінутай на труну. Блукаючы сёння могілкамі, няхай кожны з нас паслухае, што кажуць нам нашыя памерлыя. Яны заклікаюць кожнага з нас добра прыгатавацца да смерці. Няхай кожны з нас у часе Эўхарыстыі просіць Хрыста, каб Ён дапамог нам добра падрыхтавацца да сустрэчы з Ім у вечнасці.

У дарозе да Неба мы маем таксама дапаможнікаў, якія жылі на зямлі, працавалі, цярпелі, належалі да асоб духоўных, альбо былі свецкімі людзьмі, і якія паказалі, як можна ісці праз жыццё з Богам, паводле Яго запаведзяў. Яны няспынна дапамагаюць кожнаму з нас – іх імёны мы атрымалі ў часе Святога Хросту, у часе Канфірмацыі – і кожнага з нас яны адаптавалі.

Апроч святых, якія вынесеныя на алтары, як святыя ці благаслаўлёныя, ёсць вялікі натоўп святых, імёны якіх ведае адзін Бог. І менавіта за іх мы дзякуем Богу сёння і праз іх пасярэдніцтва ўзносім свае малітвы. Напэўна сярод гэтага натоўпу святых знаходзіцца хтосць і з нашых родных і блізкіх. Давайце на момант успомнім іх імёны… Імёны нашых памерлых дзядуляў, бабуляў, нашых бацькоў, нашых братоў, сясцёр, суседзей, знаёмых – многія з іх могуць быць прыкладам для нас глыбокага рэлігійнага жыцця. Яны на працягу свайго жыцця не выпускалі ружанец з рук, часта спавядаліся, прымалі Святую Камунію, пераадольлвалі дзесяткі кіламетраў, каб быць на Святой Імшы, каб паабяцаць перад Богам любоў і вернасць да канца свайго жыцця і вытрымалі ў гэтым абяцанні, пакуль смерць не разлучыла іх, каб ахрысціць сваё дзіця, давясці яго да першай Святой Камуніі – усё гэта яны выканалі і могуць быць кожнаму з нас прыкладам да наследавання.

Але таксама няхай кожны з нас, успамінаючы сваіх памерлых, родных, запытаецца сябе: “Ці я годны наследнік?” Нажаль многія сёння павінны заплакаць, бо нашыя родныя памяталі аб Богу, перадалі жывую веру нам, а мы… А мы кажам , што нам няма часу. Мы кажам, што не маем часу памаліцца за іх, ахвяраваць за іх Святую Імшу, прыняць Камунію. Толькі раз на год, і то ў поспеху, “няхай ксёндз памоліцца, а я пабег далей жыць”. Няхай нашыя святыя будуць нам суддзямі, няхай гавораць іх магілы…