XХХI Звычайная Нядзеля. Кс. Аляксандр Лебядзевіч
Падзеі з сённяшняга фрагмента Евангелля разгортваюцца ў той час, калі Хрыстос быў вельмі папулярны, і многія людзі хацелі Яго ўбачыць. У горадзе Ерыхоне, куды прыйшоў Езус, жыў адзін мытнік, і не проста мытнік, а начальнік мытнікаў, па імені Закхей. Ён быў зненавіджаны ўсімі за сваю працу, за тое, што служыў рымлянам і абіраў свой народ. Прыход Езуса Хрыста нагадваў свята: вуліца была запоўненая людзьмі, якія выйшлі паглядзець на Яго, a Закхей, паколькі быў невысокага росту, нават залез на дрэва, не пасаромеўшыся людзей і ўбачыў Настаўніка. Адно імгненне і Закхей стаў зусім другім чалавекам, выказаў моцнае жаданне жыць справядліва.
Думаю не памылюся, калі скажу, што кожны з нас, калі ён хоча быць не проста вернікам, а сапраўдным хрысціянінам, павінен любіць Хрыста і павінен заўсёды шукаць Яго ўсёй сваёй істотай, усёй сваёй верай, усёй сваёй любоўю цягнуцца да Яго. Яго Словы - у Евангеллі, Яго дух - у Касцёле, Яго прысутнасць - тут, сёння, у сакрамантах.
Як можам мы ўбачыць Пана? Трэба падняцца, ні на што і ні на каго не звяртаючы ўвагі, як Закхей.
Паўстанем, паспрабуем, каб у нашым жыцці былі высокія хвіліны сустрэчы з Богам, калі сустрэнем Яго сэрцам. І тады адчуем, што гэта значыць, калі прыходзіць Хрыстос Пан у сэрца і жыццё. Тады ўсё вырашаецца, усе пытанні адпадаюць, усе сумненні разбураюцца, усе смуткі знікаюць, таму што Пан з табой - і ты ў Яго руках. Ён у тваім сэрцы - і ты з Ім. Як гэта важна для нас - імкнуцца ўбачыць Хрыста. Няхай кожны, хто хоча быць сапраўдным хрысціянінам, будзе падобны да Закхея ў жаданні ўбачыць Хрыста, пазнаць Яго і быць з Iм.