Skip to main content

Урачыстасць Асвячэння Уласнага Касцёла (кс. Андрэй Кеўлюк)

Урачыстасць Асвячэння Уласнага Касцёла

(Кс. Андрэй Кеўлюк)

Паважаныя чытачы нашага Гродзенскага каталіцкага парталу, сёння мы з вамі святкуем урачыстасць Асвячэння Уласнага Касцёла. Як памятае кожны з нас з урокаў па рэлігіі слова касцёл пішацца з вялікай і малой літары: з вялікай літары ўжываецца на абазначэнне літургічнай супольнасці веруючых у Хрыста, жывучых па ўсім свеце (ККК 751н); а з малой літары, дзеля абазначэння асвечанага (кансакраванага) праз біскупа будынку прызначанага для здзяйснення культу.

Сёння мы з Вамі спынімся на слове касцёл з малой літары, які акрэслівае бачны будынак і затрымаемся над Пятым Касцёльным наказам “Дапамагаць у патрэбах супольнасці Касцёла”. Як выглядае мой клопат пра Божы дом?

 

Разпачнем нашае разважанне з гісторыі:

“Аднаму хрысціяніну прысніўся сон пра сваю смерць пасля якой анёл завёў яго душу ў Рай. І вось стаіць ён у прыгожым касцёле і захапляецца нябачнай да гэтуль архітэктурай будынка. Аглядаючы, заўважыў на скляпенні непрыгожую адтуліну, выдавалася што хтосьці наўмысна, па злой волі яе высвідраваў. Анёл, які стаяў побач, адразу пастараўся паясніць пра узнікненне дэфекта: “Гэтая адтуліна з'яўляецца тваёй справай. Бог вызначыў цябе, каб ты адрамантаваў яе, але ты заўсёды маеш іншыя планы і справы ў галаве і не думаеш пра выкананне сваіх хрысціянскіх абавязкаў!” Пасля гэтых словаў наш герой прачнуўся ў халодным поце і адразу паабяцаў Богу і самому сабе, што ад гэтага моманту не будзе больш наракаць на сваю парафію, людзей, святароў, біскупа, але возмецца да супрацоўніцтва з імі, каб выправіць знішчэнне, прычынай чаго ён быў”.

Напэўна ў большасці з нас, хто прачытаў гэты прыклад, усвядоміць сур'ёзнасць пятага Касцёльнага наказу. Мы з вамі зазвычай прызвычайваемся толькі наракаць на нашу Касцёльную Сям'ю і літургічнае месца нашых сустрэч: “гэта мне не падабаецца, гэта не па маёй волі, не іду да касцёла бо за далёка ці, зараз будзе, холодна, не маю мейсца дзе сесці, не пайду дапамагаць у працы каля касцёла бо гэта не мая справа, няхай іншыя там працуюць і яшчэ шмат усяго…” Мы з вамі забываем, што нашыя святыні гэта не ўласнасць таго ці іншага святара і групы веруючых, у большасці сталага ўзросту, што толькі яны павінны клапаціцца пра парадак і чысціню ў касцёле і выкол яго. Касцёл - гэта наш Дом, дзе жыве Бог.

“Хібы вы не ведалі, што Я павінен быць у тым, што належыць Айцу Майму”, - скажа Хрыстус Марыі і Юзафу. Для Еуса храм з'яўляўся асаблівым месцам спаткання з Богам – гэта дом Яго Айца, дом малітвы. У Евангеллі паводле Яна чытаем: “ … не рабіце дом Айца Майго домам гандлю. І ўспомнілі вучні Яго, што напісана: клопат пра дом Твой паглынае Мяне [Пс 69,10]” (Ян 2,16-17). Няхай кожны з нас пачуе адказнасць за касцёл – дом Айца і няхай стараецца дбаць пра яго.

Катэхізіс Каталіцкага Касцёла зазначае: “Жывучы на зямлі Касцёл патрабуе месцаў у якіх магла бы збірацца супольнасць верных. З'яўляюцца імі бачныя святыні, святыя месцы, якія з'яўляюцца правобразамі Святога Горада, набеснага Ерусаліма, да якога мы імкнемся ў пілігрымаванні. У тых святынях Касцёл здзяйсняе публічны культ дзеля хвалы Святой Тройцы, слухае Божае Слова і спявае песні глыбокай пашаны, заносіць малітвы і складае Ахвяру Хрыста, прысутнага пасярод супольнасці. Святыні - гэта таксама месцы асабістага засяроджання і малітвы” (ККК 1198-1199)

Няхай не будзе ў нашай паставе аднясенне да касцёла толькі як да інстытуцыі ці можа нават, як да магазіну: трэба ўзяць спраўку, пасведчанне, "закупіць" Імшу, асвяціць стравы, раз на год паспавядацца. Такое вельмі часта здараецца ў жыцці. Касцёл для многіх хрысціян стаў толькі магазінам, а не месцам спаткання з Любячым Айцом. У маёй практыцы неаднаразова ўжо здаралася, што прыходзілі людзі па пасведчанні, што яны "практыкючыя" католікі, хоць касцёла не наведваюць, у святой споведзі таксама не былі, у часе душпастырскіх адведзінаў святара нават за парог не пусцілі – але святар павінен напісаць ім пасведчанне, што яны шмат робяць для касцёла (яны палякі), толькі дзеля сваіх карысных матываў.

Наступная гісторыя добра гэта адлюстроўвае: “Да святара прыйшла жанчына, каб атрымаць пасведчанне аб тым, што з'яўляецца веруючай і самае галоўнае ПРАКТЫКУЮЧАЙ каталічкай. Патрэба гэтай жанчыны ў такім дакуменце была выклікана жаданнем стаць хроснай матуляй свайго плямянніка. На заўвагу святара, што яна не ўдзельнічае на нядзельнай св. Імшы і ў іншых набажэнствах, якія адбываюцца на працягу літургічнага года, яна адказала: “Я магу маліцца незалежна ад месца! Асабліва люблю маліцца ў лесе, бо там такая прыгожая прырода, створаная Богам. А Бог жа знаходзіцца на кожным месцы!”, - дадала ўсміхаючыся. “Калі вы так лічыце – адказаў святар – то вы памыліліся з адрасам прыходзячы да мяне па пасведчанне, вам трэба пайсці да лясніка”.

У гэтым сваім разважанні хацеў бы заклікаць усіх нас да адказнасці за свой касцёл, за Божы дом, за захаванне якога даводзілася змагацца нашым бабулям і дзядулям. Вялікая колькасць людзей атрымоўвалі ад тагачасных камуністычных уладаў турэмнае знявольванне толькі за тое, што не выракліся сваёй веры, баранілі касцёлы, былі практыкуючымі католікамі, не знялі з нацельнага крыжыка і што насілі яго не як упрыгожванне (тое што на жаль можна спаткаць у наш час), а як сведчанне сваёй веры.

Няхай мы будзем годнымі спадкаемцамі папярэдніх пакаленняў веруючых і няхай нам у гэтым дапаможа Бог.