Skip to main content

XХХ Звычайная Нядзеля. Кс. Андрэй Кеўлюк

XХХ Звычайная Нядзеля. Кс. Андрэй Кеўлюк

“Два чалавекі зайшлі ў святыню, каб памаліцца; адзін фарысей, а другі мытнік.” Два розных чалавека, не падобныя адзін да аднаго ні сацыяльным статусам, ні сваімі адносінамі да рэлігіі і Бога.

 

Напачатку давайце з вамі ўзгадаем, да якіх груп яны адносіліся:

1. Фарысеі – назва азначае “аддзеленыя”, паходзілі з сярэдняга класа, адмаўляліся ад умяшання ў палітычныя справы, былі знаўцамі Торы, Права Майсея, Традыцый старэйшых, з-за гэтага мелі вялікі рэлігійны ўплыў на людзей, хоць імі пагарджалі. Заклапочанасць вуснымі загадамі, даводзіла іх да дзяціннай казуістыкі. Яны зрабілі Тору цяжарам, які ніхто не мог панесці. Паводле іх вучэння, вернасць Богу выражаецца ў вернасці ўсёй Торы (напісанай і вуснай), на самай справе “замкнулі нябеснае валадарства перад людзьмі” (Мц 23,13). Кожны фарысей верыў, што яго ўласнае збаўленне залежыць толькі ад яго самога, што ён ужо збаўлены праз захаванне права. (Вільфрыд Харрынгтан “Ключ да Бібліі”, с. 154-155)

2. Мытнікі – людзі, якія збіраюцьпадаткі на карысць Рымскай імперыі. Працуючы на заваявацеляў, мытнікі нажываліся за кошт сваіх суайчыннікаў, прыбаўляючы “свае” працэнты да падаткаў. З-за гэтага сярод іудзеяў яны лічыліся здраднікамі і непапраўнымі грэшнікамі.

І вось гэтыя два такія розныя чалавекі прыходзяць да святыні на малітву.

Першы стаіць перад Богам і пералічвае яму свае заслугі, узгадваючы і параўноўваючы сябе з іншымі людзмі. Што большае, ён не глядзеў на алтар, а разглядаўся па баках, ці за ім нехта назірае, бо інакш, як можна было бы заўважыць мытніка. Можна ўзгадаць фрагмент з Евангелля паводле Мацвея “Усе справы свае яны робяць дзеля таго, каб бачылі іх людзі” (Мц 23,5).

Другі ж стаяў воддаль, нават не падымаючы вачэй, а толькі біў сябе ў грудзі кажучы: “Божа, будзь міласцівы да мяне, грэшніка”. Зусім іншая пастава. Ён не апраўдваў сябе, што я не вінаваты, праца ёсць праца, усе бяруць, і я бяру, а прызнаўшыся да сваёй віны, просіць аб прабачэнні. Можна тут узгадаць урывак з Евангелля паводле Лукі, які апавядае нам аб гасціне Езуса ў доме начальніка мытнікаў Закхея: “Вось палову маёмасці маёй, Госпадзі, я дам убогім, і калі каго ў чым ашукаў, аддам у чатыры разы больш”. Прызнанне да сваёй віны і жаданне направіць зробленую іншым крыўду. Два чалавекі, дзве паставы перад Богам, але як жа падобныя яны да нас, людзей жывучых у дваццаць першым стагоддзі.

Першую паставу я асабіста як святар вельмі часта назіраю ў размовах з людзьмі, напэўна і вы гэта заўважаеце, дарагія чытачы нашага парталу, калі той ці іншы чалавек ставіць сябе вышэй за іншых. Калі суразмоўца значэнне і адказнасць за свой учынак памяншае словамі як тое дзіця: “а што Я, вось Ён…” – і гэта слова ён пераносіць на ўсіх людзей: святароў, суседзей, родных, калег па працы – чалавек зрабіў грэх, бо астатнія яшчэ больш грэшаць. Пакуль чалавек не зразумее, што ён не можа параўноўваць свае ўчынкі да ўчынкаў іншых і не будзе ўглядацца ў аблічча Нябеснага Айца і імкнуцца да яго святасці – такі чалавек ніколі не выправіцца. А з ім будзе, як з возам з басні Крылова “Лебедзь, рак і шчука” – “а воз і сёння там”.

Мы павінны з вамі звярнуцца да другой паставы: прызнаўшыся да свайго граху, прызнаўшыся, што мы пакрыўдзілі любоў Айца да нас, шчыра прасіць прабачэння і выпраўляць свае грахі, каб крочыць з чыстым сумленнем да Нябеснага Дому.

Толькі чалавек, які заўважае свае памылкі і ўмее шчыра прызнацца да іх, можа дасягнуць святасці. “Пан справядлівы суддзя, які не зважае на асобы” (Сір 35,12) “Уратуе мяне Пан ад кожнай ліхой справы і захавае мяне для сваго Нябеснага Валадарства” (2 Цім 4,18).