У суботу 19 кастрычніка евангелізацыйным рухам «Gloriosa Trinita», які ўжо некалькі гадоў існуе пры парафіі Святой Сям’і ў Лідзе і аб’ядноўвае некалькі сотняў чалавек, была арганізавана сустрэча сем’яў у Тракелях.
Сваё светкаванне пачалі супольнай Эўхарыстыяй а 12.00 гадзіне, якую цэлебраваў кс. Юзаф Ганьчыц. Падчас св. Імшы сужэнскія пары (каля 40) узяліся за рукі і адзін перад другім так, як у дзень прыняцця сакраманту сужанства, аднавілі свае абяцанні. Адказваючы “Хочам” на пытанні кс. пробашча, выразілі сваё жаданне і гатоўнасць жыць у любові, вернасці і шчырасці, прыняць Хрыста і будаваць на Ім сваё жыццё.
Наступным пунктам праграмы была адарацыя Найсвяцейшага Сакраманту. У прысутнасці Езуса Эўхарыстычнага сямейныя пары дзякавалі адзін аднаму за любоў, а таксама перапрашалі за ўсе крыўды, якія прычынілі. Гэта быў вельмі важны і хвалюючы момант. Момант адкрыцця сябе на праўду аб Божай любові і адначасова людзкой грэшнасці і слабасці. У гэтую хвіліну Езус дакрануўся і аздаравіў сваёй ласкай шмат духоўных ранаў. Узаемнае знаходжанне давала нязмерную радасць, якую можна было заўважыць падчас супольнага баўлення. Былі танцы, інтэграцыйныя гульні, конкурсы.
Апошнім акцэнтам таго дня была малітва на ружанцы, якую праводзілі сем'і. Пасля бласлаўлення кусташа санктуарыя кс. Аляксандра, удзельнікі вярнуліся ў свае дамы з моцаю, каб паказаць людзям, як шмат значыць Хрыстос прысутны ў іх штодзённым жыцці, абавязках і працы. Каталіцкая харызматычна-евангелізацыйная супольнасць «Gloriosa Trinita» узнікла ў 2000 г. у Італіі. Рух з’яўляецца прыватным таварыствам вернікаў, скіраваным перш за ўсё на семі’і і асобаў, прысвечаных Найсвяцейшай Тройцы, якая з’яўляецца прыкладам дасканалай сям’і. Мэтай руху з’яўляецца ажыўленне веры ў сем’ях, у сэрцах усіх людзей. Таму яго ўдзельнікі жадаюць увайсці ў праблемы штодзённага жыцця сучаснага чалавека, выходзячы да яго на вуліцы.
с. Катажына Бучыньская