Skip to main content

XХІХ Звычайная Нядзеля. Кс. Андрэй Кеўлюк

XХІХ Звычайная Нядзеля. Кс. Андрэй Кеўлюк

Як стала ўжо добрай традыцыяй, давайце, дарагія чытачы нашага парталу, на пачатку нашага разважання над Божым Словам запытаемся ў сябе: “Як часта я знеахвочваўся прадстаўленнем сваёй малітвы-просьбы Богу?”

 

Езус сёння ставіць перад намі дзве постаці: постаць суддзі, “які Бога не баяўся і людзей не саромеўся” і якога Езус назваў несправядлівым, а другая постаць – удава, якая на працягу доўгага часу прыходзіла да яго з просьбай: “Абарані мяне ад праціўніка майго”.

Удава з Евангелля можа кожнага з нас навучыць вытрымкі ў прадстаўленні сваёй просьбы Богу, яна не давала спакою суддзі, пакуль той не ўзяў яе ў абарону. “Гэта прыпавесць”, – могуць сказаць многія – “і чагосці блізкага з рэальнасцю не мае”. І нажаль я часта назіраў людзей знеахвочаных, а можа нават лепш сказаць – разачараваных Богам. “Чаму Ён гэта дазволіў? Чаму Ён не зрабіў, як я прашу? Ці Ён не бачыць, як я мушу цярпець?”, – а пазней – “Я не хачу верыць, любіць, шанаваць такога Бога!” А цяпер давайце паставім сабе другое пытанне, трошкі складанейшае: “Ці я пагаджаюся з воляй Бога?”

Мы – Божыя тварэнні – хочам мець Яго як прыслугу, які будзе выконваць усе нашыя жаданні, забываючыся, што гэта мы павінны пагадзіцца з Яго воляй у жыцці нашым і нашых родных. Што кожны з нас павінен заўсёды ў сваёй просьбе давяраць Богу. “Дык ці ж Бог не абароніць выбраных сваіх, якія просяць Яго дзень і ноч, хоць марудзіць абараніць іх? Кажу вам, што неўзабаве абароніць іх”, – прыпамінае кожнаму з нас Езус Хрыстус. Заўважце таксама, як добра паказана была абарона Божых выбранцаў у першым чытанні з кнігі Зыход. Пакуль рукі Майсея былі ўзнятыя да неба – народ ізраэльскі перамагаў, а калі апускаліся – перамагалі амалекіцяне (племя бедуінаў і заклятых ворагаў ізраэльцян). Тое самае і ў жыцці кожнага з нас – пакуль мы просім (нашы рукі ўзнятыя да Бога) мы моцныя, а калі перастаем прасіць (апускаем рукі) мы слабеем. Нават да страты сваёй душы…

Яшчэ трошкі цярплівасці, дарагія, бо хацеў бы з вамі падзяліцца адным прыкладам, прачытаным у кнізе “Флавіян. Жыццё прадаўжаецца” пратаірэя Аляксандра Торыка:

“Да бацюшкі патэлефанаваў загадчык траўматалагічнага аддзялення і папрасіў прыехаць і паспавядаць маладога чалавека, трапіўшага ў аўтамабільную аварыю: “Айцец! Як найхутчэй прыязжайце, жудасная аварыя – “БМВ” урэзалася ў бетонны забор, знесла шэсць яго секцый, ад машыны – куча жалеза, кіроўцу выразалі аўтагенам. Малады хлопец весь пераломаны, восем гадзін на аперацыйным стале збіралі па частках. Прыйшоў да прытомнасці, але будзе жыць ці не – невядома, як бы не было кровазліцця ў мозг!” Бяру Святыя Дары, прыязжаю, захожу ў палату і бачу – суцэльны гіпс, усе канечнасці на “выцяжках”, з пад гіпса ў розных мейсцах трубкі тырчаць, і з іх рохнага колеру нешта капае. Словам, відовішча не для слабанервных. І сярод усяго гэтага гіпса бачу ззяючы радасцю твар, таксама з шматлікімі швамі і ў зялёнцы. “Бацюшка, прывітанне! – хрыпіць. – Паспавядайце мяне і прычасціце, калі ласка!” Пачынаю прыгатоўваць Святыя Дары і спрабую размаўляць з хворым: “Ну што, брат, – кажу, – не пашчасціла табе сёння!” “Што вы, бацюшка, – адказвае, – нават вельмі пашчасціла, я, як толькі прыйшоў у прытомнасць, адразу Богу дзякаваць пачаў!” “Правільна, – кажу, – тое, што ты ў такой аварыі жывым застаўся, вялікая Божая міласць!” “Гэта так, бацюшка, – адказвае, – але яшчэ большая міласць Божая тое, што я ў аварыю трапіў. Я ў духоўных пытаннях трошкі разумеюся, бацюшка, у мяне матуля каля пятнаццаці год ужо “каля падсвечніка” у храме стаіць і радная сястра пеўчая ў храме. Толькі я ў сям'і вырадкам аказаўся, хоць да аварыі я сябе такім не лічыў. Я ж -  бандзіт, бацюшка, і ехаў “па заказу” людзей забіваць, мужа і жонку, камерсантаў. Слава Богу, Ён мяне спыніў! Паспавядайце мяне за ўсё маё жыццё, бацюшка, бо калі я не памру сам, то мяне абавязкова заб'юць, “выйсці ў завязку” не дадуць – вельмі шмат ведаю. А я сам больш так жыць не хачу, лепш памерці!” Паспавядаў я яго, прычасціў. А ноччу ён памёр ад кровазліцця ў мозг, урач не памыліўся ў сваім прагнозе. Я яго пасля і адпяваў. Вельмі рэдка можна ўбачыць ў памерлага такі шчаслівы твар, які быў у таго «разбойніка», што раскаяўся.”

Прыклад можа трошкі жудасны, таму прашу прабачэння, але ў ім вельмі добра адлюстроўваецца просьба некалькіх чалавек: маладога чалавека, трапіўшага ў аварыю, і яго родных. Адныя напэўна скажуць, што Бог злы, не добры, бо забраў жыццё маладога чалавека; другія будуць стаяць на становішчы, што атрымаў па заслугам. А я хацеў бы звярнуць увагу на тое, што Бог выслухаў просьбу маладога хлопца і яго матулі з сястрой – Бог выратаваў яго душу, праз цярпенне і боль ён навярнуўся і стаў сведкам Божай любові. Сведкам – якім заклінаў быць Цімафея ў другім чытанні Апостал Павел, а праз яго кожнага з нас. Каб Езус прыйшоўшы судзіць жывых і памерлых знайшоў жывую веру на зямлі.