Skip to main content

XХVI Звычайная Нядзеля. Кс. Аляксандр Лебядзевіч

XХVI Звычайная Нядзеля. Кс. Аляксандр Лебядзевіч

Аднойчы ішоў па дарозе хлопец. Глядзіць – ляжыць на дарозе манета. “Што ж, - падумаў ён, - і манета - грошы!” Узяў яе і паклаў у кашалёк. І стаў далей думаць: “А што б я зрабіў, калі б знайшоў тысячу рублёў? Купіў бы падарункі сваім бацькам”.

Толькі падумаў так, як адчуў - кашалёк быццам бы стаў большы. Зазірнуў у яго, а там - тысяча рублёў. “Дзіўная справа! - Здзівіўся хлопец. - Была адна манета, а цяпер - тысяча рублёў! А што б я зрабіў, калі б знайшоў дзесяць тысяч рублёў? Купіў бы карову і паіў бы малаком бацькоў!” Глядзіць, а ў яго ўжо дзесяць тысяч рублёў! “Цуды! - Узрадаваўся шчасліўчык, - а што, калі б сто тысяч рублёў знайшоў? Купіў бы дом, ўзяў бы сабе жонку і пасяліў бы ў новым доме сваіх бацькоў!” Хутка раскрыў кашалёк, - і дакладна: ляжаць сто тысяч рублёў! Тут ён пачаўраздумваць: “Можа, не забіраць у новы дом бацькі з маці? Раптам яны маёй жонцы не спадабаюцца? Няхай у старым доме жывуць. І карову трымаць клапотна, лепш казу куплю. А падарункаў шмат не буду купляць - выдаткі вялікія ... “ І раптам адчувае , што кашалёк стаў вельмі лёгкім! Спалохаўся, раскрыў яго, бачыць - а там усяго адна манета ляжыць, адна-адзінокая...

Гэтая гісторыя найлепш адлюстроўвае сённяшняе Евангелле. Багаты меў усё: вялікі дом, слугаў, багатую вопратку, найлепшую ежу, але не меў аднаго – сэрца. У чым жа заключаецца грэх багацея? Бо ён жа не загадваў выкінуць Лазара ад варот свайго дома. Ён не пярэчыў і супраць таго, каб Лазар атрымліваў хлеб, які выкідалі з яго стала. Ён не бiў яго нагой, калі праходзіў міма. Не, багацей не быў наўмысна жорсткі да Лазара. Але грэх багацея заключаўся ў тым, што ён папросту не звяртаў увагі на Лазара, ён прымаў яго становішча як натуральнае і непазбежнае: Лазар павінен ляжаць у пакутах і галодны, у той час як ён, багацей, купаўся ў раскошы.

Грэх багацея ў тым, што ён мог спакойна бачыць пакуты і патрэбу, але яны не напаўнялі яго сэрца жалем і спачуваннем; ён бачыў чалавека, які пакутуе і і нічога не рабіў, каб што-небудзь выправіць. Ён трапіў у пекла не за тое, што ён зрабіў, але за тое, чаго ён не зрабіў, што не заўважаў гора блізкага і не дапамог. Багаты не той, хто шмат мае, але той, хто можа даць многа. Паважаныя, перад намі цэлы тыдзень працы і розных абавязкаў, сярод іх давайце не забудзем пра тых, хто патрабуе нашай дапамогі...