XХV Звычайная Нядзеля. Кс. Аляксандр Лебядзевіч
У сённяшнім Евангеллі ёсць адно слова ўзятае з старажытнай арамейскай мовы. Гэта слова мамона, яно азначае багацце і скарбы, дакладней сказаць, пакланенне грашам. Такім чынам мамона становіцца адным з багоў, якім пакланяліся старажытныя язычнікі.
І сёння таксама, калі паглядзець вакол, можна ўбачыць, што глыбокая пашана мамоне не спынілася, што ёсць людзі, для якіх богам з'яўляецца не Хрыстус, а багацце, улада, прыемнасці…
Хрыстус кажа ў сённяшнім Евангеллі, што Бог і мамона несумяшчальныя. Альбо вы палюбіце аднаго і ўзненавідзіце іншага, альбо будзеце трымаць з адным і пагарджаць другім.
Але чаму ж Бог і мамона так няпрымірымыя?
Хрыстос дае запаведзь аб працы, як спосабе заробку на хлеб штодзённы. Мамона не задавальняецца такім простым жыццём, не насычаецца “проста хлебам” на кожны дзень, але імкнецца павялічыць свой капітал, памножыць яго, пашырыць рознымі спосабамі. Для прагнага і скупога грошы з'яўляюцца не сродкам да жыцця, а мэтай жыцця. Чалавек, які належыць мамоне, жыве і дыхае дзеля грошай. Усё, што ён робіць, накіравана на набыццё багацця. Ён кідаецца ў самыя небяспечныя прадпрыемствы. Ён не ведае спакою ні днём, ні ўначы, дзеля грошай ён гатовы пайсці на любыя злачынствы. Ён заражаны смяротнай хваробай і ніяк не можа спыніцца, ён апантаны жаданнем мець усё больш і больш, і ніколі не можа сказаць: “Даволі”. Вось табе мільён долараў. Хопіць? Ён хоча два. Двух дастаткова? Яму трэба чатыры. Чатырох даволі? Ён патрабуе восем і гэтак далей.
Ёсць легенда пра цара, у якога быў скупы і прагны падданы. Цар паказаў гэтаму падданаму прасторную зелянеючую даліну і сказаў яму: “Бачыш гэтую зямлю? Я дам табе столькі гэтай зямлі, колькі ты паспееш аббегчы ад світання да захаду”. Прагны слуга радасна прыняў гэтую прапанову. Як толькі бліснулі першыя прамяні сонца, ён кінуўся бегчы, што было сіл. Межы яго ўладанняў ўсе ўзрасталі і ўзрасталі. Але сонца пачало хіліцца да захаду. Прагны чалавек быў на мяжы сіл, яму трэба было спыніцца. Але прагнасць не давала яму зрабіць гэта. Убачыўшы перад сабой яшчэ адзін выдатны кавалак зямлі, ён захацеў яго таксама набыць. Палаючы гэтым жаданнем, ён ірвануўся наперад, але, не дасягнуўшы мэты, зваліўся нежывы.
Як многа людзей нагадваюць гэтага прагнага вар'ята! Не шкадуючы сябе, яны гоняцца за ўсё большым багаццем і заўчасна паміраюць ад нервовых і сардэчных захворванняў. Які-небудзь просты сельскі працаўнік, які пасе ў поле авечак, які жыве спакойным жыццём і мірна спіць, непараўнальна больш шчаслівы за багацея, якога свет лічыць шчаслівым, але які раздзіраецца славалюбствам, нянавісцю, прагнасцю.
Паважаныя, сённяшнія словы трэба разумець у тым сэнсе, што як не можа раздвоіцца сэрца чалавека, таксама і немагчыма адначасова служыць Богу, рабіць добрыя справы, і мамоне, набываць багацце несправядлівым і несумленным шляхам. Служэнне Богу, з боку такога чалавека, заўсёды будзе няшчырым і крывадушным. Няхай гэтае разважанне дапаможа нам зрабіць правільны выбар у нашым жыцці.