Skip to main content

Драма хрысціян на Блізкім Усходзе

Хваля антыўрадавых дэманстрацый, дзяржаўных пераваротаў, грамадзянскіх воен пачалася на Блізкім Усходзе ў снежні 2010 года ў Тунісе, Егіпце, Емене, Лівіі, Сірыі, Алжыры, Іраку, Марока, Іярданіі, Амане ў выніку чаго загінула вялікая колькасць людзей.

 Асаблівую занепакоенасць выклікае грамадзянская вайна ў Сірыі, якая адбываецца ўжо на працягу 25 месяцаў і паглынула, паводле дадзеных некаторых праваахоўных арганізацый, да 100 тысяч чалавек, а краіну пакінула больш за мільён чалавек. Асаблівую занекапакоенасць выклікае пераслед хрысціян, у гэтым у большасці ісламскім грамадстве. Не так даўно, у ліпені гэтага года, быў захоплены ў палон італьянскі святар Паола Даль'Ольо ў горадзе Ракка на Поўначы краіны, а пасля, паводле паведамленняў заходніх СМІ, быў забіты. Італьянскі каталіцкі місіянер стаўся трэцяй ахвярай, закатаванай падчас канфлікту.

Мараніцкі патрыярх Антыохіі кард. Башар Бутрас Рай (Beszarа Butros Rai) абвінавачвае Заходнія краіны ў спрыянні паглыблення канфлікту. Падчас навуковай канферэнцыі “Хрысціяне на Блізкім Усходзе”, якая адбылася 29 траўня ў Варшаве. Вышэй узгаданы патрыярх сказаў:

“Сёння мы падыйшлі да вельмі важнага пытання пра будучыню арабскага свету, пасля пачатку арабскай вясны (…), у выніку якой адначасова мы адчуваем радасць і занепакоенасць… Хоць дзякуючы паўстанням супраць сапраўдных таталітарных рэжымаў арабскія краіны маюць шанец на большы палітычны плюралізм, аднак нажаль, апошнія падзеі арабскай вясны паказваюць яе цёмны бок. Упадак таталітарных сістэм адкрыў ісламскаму экстрэмізму шлях да ўлады, пад тварам прыняцця дэмакратыі і палітычных рэформ… На Блізкім Усходзе пануе анархія, хаос, насілле, тэррарызм і вайна. Гэтая вясна народаў – сапраўдная зіма”.

Адносна Сірыі кардынал з Блізкага Усходу сказаў:

“Немагчыма на дадзены момант зразумець мэты вайны паміж апазіцыяй і рэжымам, эфектам чаго з’яўляюцца масавыя забойствы, дэструктыўнасць і эміграцыя насельніцтва… Заходнія і Усходнія краіны даліваюць масла ў агонь вайны не заклікаючы канфліктуючыя бакі да дыялогу і супакою; пастаўкамі зброі, палітычнай і фінансавай дапамогай падтрымліваюць фундаменталістычныя групоўкі: джыхадзістаў, салафітаў, Аль-Каіду, Фронт Аль-Нусра, наёмнікаў з іншых краін”.

Асаблівым чынам усходні іерарх зазначыў, што дзейнасць Заходніх дзяржаў прыносіць вялікую шкоду мясцовым хрысіцянам, якіх мусульмане атаясамляюць з заходняй цывілізацыяй:

“Мы ведаем, як жыць з мусульманамі і жыдамі (…), - але мы таксама і плацім вялікую цану за палітыку Захада. Таму што для мусульман Захад азначае хрысціянства”.

Сірыйскі канфлікт, паводле меркавання многіх аналітыкаў, можа выліцца ў глабальную вайну, пры ўмяшанні сюды іншых вялікіх краін. Папа Францішак не перастае заклікаць людзей, а асбліва ўрады краін Усходу і Захаду ўсімі сіламі спрыяць мірнаму вырашэнню праблем, шляхам дыялогу ў духу прабачэння і любові. Заклікае таксама жыхароў Сірыі скончыць братазабойчую вайну, якая толькі паглыбляе крызіс і нікуды не вядзе.

7-га верасня пантыфік абвясціў днём малітвы і посту ў інтэнцыі супакою ў Сірыі і ва ўсім Блізкім Усходзе. У гэты дзень на плошчы св. Пятра ў Рыме адбудзецца галоўная малітва, якую ўзначаліць Яго Святасць і на якой будуць удзельнічаць прадстаўнікі з Сірыі, Егіпта, Ізраіля, ЗША і Расіі. У Гродзенскай дыяцэзіі з гэтай нагоды ў касцёлах, паводле закліку кс. біскупа Аляксандра Кашкевіча, будуць узнесеныя малітвы і арганізаваныя набажэнствы ў інтэнцыі супакою.

кс. Юрый Жэгарын