Skip to main content

XХIІ Звычайная Нядзеля. Кс. Аляксандр Лебядзевіч

XХII Звычайная Нядзеля. Кс. Аляксандр Лебядзевіч

Кожны, хто ўзвышае сябе, будзе паніжаны, а хто паніжае сябе, узвысіцца. Гэтыя словы Езуса Хрыста, якія мы сёння пачулі, найлепш характарызуюць адзін з найвялікшых прынцыпаў хрысціянства – пакору.

Пад пакорай мы часта – і зусім няправільна – маем на ўвазе забітасць, прыніжэнне, пачуццё віны, няўменне і нежаданне адстаяць годнасць чалавека і хрысціяніна. А значэнне дзеяслова “упакорыць” звычайна разумеем як сінонім слова “прынізіць”. Менавіта ў гэтым і заключаецца няправільнае разуменне пакоры як цноты.

Пакора – гэта цвярозае бачанне самога сябе. Пакору можна ўмоўна падзяліць на тры катэгорыі.

1. Пакора ў адносінах да Бога – гэта бачанне сваіх грахоў, надзея толькі на Божую міласэрнасць, але не на ўласныя заслугі, любоў да Яго. Пакора – гэта жаданне падпарадкаваць сваю волю Божай волі. Акрамя таго, пакора характарызуецца прыняццем жыццёвых нягод і праблем без смутку ў сэрцы, са словамі “Божа, хай будзе воля Твая на ўсё”. Аднак пакора не сінонім слова “бяздзейнасць”. Гэта значыць, трэба шукаць спосабаў выйсця з цяжкага становішча, але калі нешта не атрымліваецца, ні за што не пускаць у сэрца смутак або роспач.

2. Пакора ў адносінах да іншых людзей – гэта адсутнасць гневу і раздражнення нават на тых, хто, здавалася б, цалкам заслугоўвае гэтага. Гэтая шчырая незласлівасць заснавана на тым, што Бог любіць кожнага чалавека гэтак жа, як і цябе. Аднак, пакора зусім не патурае злу і пакорліва сузірае. Пакорны чалавек – гэта той, хто заўсёды перамагае зло, але толькі дабром.

3. Пакора ў адносінах да самога сябе. Чалавек, які валодае пакорай ў адносінах да самога сябе, не глядзіць на недахопы іншых, але выдатна бачыць ўласныя. Больш таго, у любым канфлікце ён гатовы вымавіць шчырае: “прабач”.

Безумоўна ўсё тое, што сказана – гэта ідэал, да якога павінен імкнуцца кожны хрысціянін.

Адзін святы так тлумачыў сутнасць пакоры. Усе людзі прагнуць велічы, а Бог просіць нас стаць маленькімі. Каб прайсці ў дзверы, якія вядуць у Нябеснае Валадарства, трэба стаць на калені… Няхай кожны з нас сёння стане на калені перад Богам і шчыра сабе прызнаецца, наколькі ён пакорны чалавек?