Парафія Ўнебаўзяцця НПМ у Лідзе 25 жніўня адзначыла пяцігадовы юбілей свайго касцёла. Узначаліў урачыстасць у Лідзе ў гэты дзень пастыр Гродзенскай дыяцэзіі біскуп Аляксандр Кашкевіч. Вернікі мясцовай каталіцкай супольнасці дзякавалі Богу за дар новай святыні, пабудова якой была завершана пяць гадоў таму. Быў гэта таксама дзень, калі ў касцёле адзначаюць успамін патрона касцёла і заснавальніка закону айцоў-піяраў св. Юзафа Каласанса. На ўрачыстую святую Імшу сабраліся шматлікія святары з дэканату.
На пачатку літургіі ксёндз-біскуп Аляксандр, звяртаючыся да вернікаў, адзначыў: “Гэта касцёл – ваш дом, дом, у якім вы спатыкаецеся з Богам. Сёння дзякуем за дар гэтай святыні, а таксама за кожнага з вас, бо вы з’яўляецеся жывой святыняй касцёла на гэтай зямлі”.
З гаміліяй падчас імшы звярнуўся да вернікаў кс. Павел Салабуда, які праз сувязь з нядзельным чытаннем з Евангелля заахвоціў вернікаў штодзённа прахадзіць праз “цесную браму”, якой ёсць сам Езус. Святар заклікаў парафіян ісці за Езусам, у якім збаўленне кожнага веруючага. “Кожны з нас, – сказаў казнадзей, – павінен быць чалавекам шчаслівым і радасным па той прычыне, што Езус заўсёды прысутнічае ў нашым жыцці. Не хапае кожнаму з нас свядомасці і веры, што можам пабачыць збаўленне. Гледзячы на крыж, мы павінны кожны раз усведамляць сабе, што на крыжы здзейснілася вялікая ахвяра для нашага збаўлення”.
На заканчэнне ўрачыстай літургіі адбылася працэсія вакол касцёла, а таксама ўшанаванне рэліквіі заступніка святыні св. Юзафа. Пасля супольнай Еўхарыстыі біскуп Аляксандр асвяціў кляштар айцоў-піяраў і катэхетычныя залы.
Кс. Павел Салабуда