Група маладых католікаў з душпастэрства “OPEN” з 17 па 19 жніўня перажывалі незвычайныя рэкалекцыі. На ўлонні прыроды, у яднанні з яе моцай і прыгажосцю моладзь разам з кіраўніком душпастэрства кс. Антоніям Грэмзай засяроджвалася над галоўным для маладой асобы жыццёвым пытаннем: “Як знайсці сябе?”
Форма духоўных перажыванняў была абрана незвычайная – два дні група сплаўлялася на байдарках па рэчцы Уса ў Мінскай вобласці і напрыканцы даплыла аж да Нёмана. Па словах Людмілы, адной з удзельніц рэкалекцый, гэтае незвычайнае падарожжа было вельмі цікавым, захапляльным, але адначасова і выпрабавальным, патрабуючым шмат сіл і розуму.
Водныя пілігрымы адпраўлялі Імшы пры палявых, а лепш сказаць, рачных алтарах – на упрыгожаных перавернутых байдарках. Была магчымасць у цішы паглыбіцца ў свой унутраны свет і пашукаць адказы на непакоячыя пытанні, няспешна пагаварыць са святаром пра тое, што хвалюе, звярнуцца па раду, паслухаць яго навуку. Але таксама і пашукаць Бога ў сябе і наваколлі.
Магчыма, такія рэкалекцыі на байдарках стануць добрай традыцыяй для моладзі душпастэрства. У гэтым годзе хлопцы і дзяўчаты сплаўляліся ўжо ў другі раз.