Skip to main content

Пілігрымка настаўнікаў да Маці Божай Валадаркі Азёр (дададзены фота)

Сваю чарговую пілігрымку пасля заканчэння навучальнага года душпастарства настаўнікаў, выкладчыкаў і выхавацеляў здзейсніла ў гэтым годзе на Браслаўшчыну. Край незвычайнай прыгажосці, унікальнай прыроды, непаўторных і жывапісных краявідаў. І не толькі гэтымі якасцямі прывабіў ён нас.

Гэта край, у якім, як і ў многіх месцах зямлі, адчуваецца ў вышэйшай ступені Божая прысутнасць, край, у якім Маці Божая яднае пад сваім плашчом шматлікіх вернікаў. Таму з такім вялікім жаданнем і ахвотаю мы рушылі ў сваё падарожжа, рушылі не толькі каб сустрэцца і пазнаёміцца з багатай хрысціянскай спадчынай роднага краю, але і каб адчуць асалоду малітоўнага яднання і быць сведкамі нашай каталіцкай веры.

За час нашай пілігрымкі мы наведалі шмат святыняў, і ў кожнай з іх мелі магчымасць не толькі ацаніць непаўторнасць таго, што захавалі стагоддзі, а самае галоўнае – схіліцца перад постаццю нашага Збаўцы, паразмаўляць з Ім, папрасіць прабачэння і падзякаваць за тую бязмежную міласэрнасць, якую адчувае кожны з нас. Першы дзень падарожжа і першы прыпынак у Новым Двары – Касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі. Невялікі па памеры драўляны касцёлік, які мы ацанілі толькі знешне (было яшчэ надта рана, касцёл не адчынілі), але і тут каля сцен гэтай святыні мы змаглі звярнуцца з паклонамі, просьбамі і малітвай да Маці Божай. Далей нас гасцінна сустрэла Радунь, дзе разам з кс. пробашчам Вітольдам і кс. Юрыем, тутэйшымі святарамі, а таксама з нашым душпастарам кс. Антоніем мы змаглі распачаць сваю пілігрымку св. Імшой у касцёле Маці Божай Ружанцовай. У святыні амаль са стогадовай гісторыя свой непаўторны воблік, свая атмасфера, свой дух, чысты, добразычлівы, сардэчны, які мы адчулі вельмі моцна падчас св. Імшы. Мы засталіся вельмі ўдзячныя і прысутным там парафіянам і кс. пробашчу, які скіраваў да нас ветлівыя словы і пажадаў плённага і шчаслівага падарожжа. І ў гэтай святыні мы прасілі аб дапамозе ў Той, якая стаіць у Вострай Браме, да якой спяшаюцца ў Чанстахову, перад якой схіляюцца ў Лурдзе і Фаціме.

Мястэчка Геранёны і Касцёл святога Мікалая… Адна з самых старэйшых святыняў Гродзенскай дыяцэзіі. Увайшоўшы ў яе, сапраўды адчуваеш подых стагоддзяў даўно мінулых. З невялічкага экскурсу пробашча парафіі кс. Сяргея даведваемся аб гісторыі касцёла, аб тых падзеях, сведкамі якіх былі гэтыя старажытныя муры. Дакрануліся сваімі рукамі да фрэсак, праз якія нашы продкі выказвалі сваю бязмежную любоў і глыбокую хрысціянскую веру.

Наступны прыпынак – вёска Суботнікі. Перад намі – Касцёл Святога Уладзіслава, унікальны помнік неаготыкі пачатку 20 ст. Уразіла архітэктура святыні і ўнутранае аздабленне, якое захавалася практычна нязменным з часоў заснавання. Дзякуючы мясцоваму святару кс. Паўлу Аляскевічу пачулі цудоўны звон арганнай музыкі. Наведалі склеп, дзе пахаваны фундатары касцёла Уладзіслаў і Яніна Умястоўскія, а таксама іх найбліжэйшыя родзічы. Перад копіяй абразоў Маці Божай Снежнай і святога Уладзіслава, змешчаных у гэтым касцёле, дзякавалі за атрыманыя ласкі і прасілі аб дапамозе, апецы, якія так неабходны кожнаму з нас у гэтым жыцці. І засталіся вельмі ўдзячныя за гасцінны прыём, за дабрыню, сардэчнасць , якія зыходзілі ад кс. Паўла, а таксама за той пачастунак, які ён арганізаваў нашай настаўніцкай супольнасці.

Смаргонь сустрэла нас подыхам далёкай гісторыі, захаванай у наведаным намі Касцёле Святога Міхала Арханёла. Святыня больш чым з чатырохсотгадовай гісторыяй з няпростым лёсам, пабудаваная спачатку для кальвіністаў, затым выконвала функцыі і праваслаўнага, і каталіцкага храмаў, у розныя часы выкарыстоўвалася як склад, магазін, мастацкая галерэя. Сёння касцёл дзякуючы намаганням святароў, якія там працавалі і працуюць, а таксама мясцоваму насельніцтву, мае цудоўны выгляд, цікава і змястоўна наладжана жыццё парафіян, адчуваецца цесная сувязь з моладдзю. Мы змаглі пахіліцца перад фігурамі св. Антонія, св. Тэрэзы, Яна Паўла ІІ, размешчанымі ў касцёле.

У другой палове дня бліжэй да вечара мы развіталіся з межамі нашай роднай Гродзенскай дыяцэзіі і Віцебшчына прывітала нас на першым прыпынку, які мы зрабілі ў Паставах. Знакаміты Касцёл Святога Антонія Падуанскага і Беззаганнага Зачацця Прасвятой Дзевы Марыі, пабудаваны ў канцы 19 пач. 20 ст. Як і большасць святыняў, зведаў подых войнаў, рэпрэсіі і пераследаванні эпохі сталінізму, антырэлігійны размах   савецкіх часоў. Але выжыў і сёння яднае вакол сябе шматлікіх вернікаў.

Далей нас прывітала мястэчка Відзы, у якім на пачатку 20 ст. была пабудавана адна з самых высокіх на Беларусі святыняў (вышыня шпіляў 76 метраў, таму храм бачны за дзесятак кіламетраў) – Касцёл нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі. Багацце архітэктурнага дэкору, нягледзячы на цяжкія выпрабаванні (у сцены нават замураваны снарады Першай сусветнай вайны), якія выпалі на лёс касцёла, уражвае і сёння. Спалучэнне мінулага і сучаснага ўносіць у душы вернікаў своеасаблівую ўзнёсласць, лёгкасць, якія так адчуваюцца ў гэтым незвычайным месцы. Спыніліся мы на хвілінку і каля жывапіснага возера ў мястэчку Опса, дзе на пачатку 20 ст. быў пабудаваны касцёл Яна Хрысціцеля, прыгажосць якога мы ацанілі толькі са знешняга выгляду (быў вечар, і касцёл ужо зачынілі).

На завяршэнне першага дня пілігрымкі позна вечарам нас сустрэў Браслаў і санктуарый Маці Божай Валадаркі Азёраў, месца, якое ў наш такі няпросты час збірае тысячы людзей розных поглядаў, густаў, узростаў, збірае, каб мы маглі стаць добразычлівымі, усміхнуцца адзін аднаму, падаць руку і пажадаць супакою. У вячэрняй цішыні крыху стомленыя, але вельмі шчаслівыя, удыхаючы паветра, насычанае водарам Браслаўскіх азёраў, мы змаглі прывітаць Нашу Заступніцу, Нашу Валадарку, падзякаваць за такое насычанае падарожжа, за тыя хвіліны жыцця, якія мы праводзім у цесным яднанні з Богам, і, безумоўна, папрасіць аб штодзённай апецы за сябе і сваіх блізкіх. Пасля вячэры, прыгатаванай сёстрамі-эўхарысткамі, мы змаглі разам з нашым душпастарам кс. Антоніем падзяліцца тымі ўражаннямі, якія атрымалі ад першага дня пілігрымкі. Безумоўна, кожнага перапаўнялі эмоцыі, перапаўнялі ад убачанай прыгажосці, ад таго, што так блізка сутыкнуліся з гісторыяй нашага краю, і, вядома, ад той сустрэчы з Богам, якую мы адчувалі душой і сэрцам у кожнай святыні.

Раніцу наступнага дня мы распачалі Святой Імшой, падчас якой дзякавалі за першы дзень нашай пілігрымкі і, безумоўна, прасілі аб далейшай апецы. Першай святыняй, наведанай намі ў другі дзень падарожжа, стаў Касцёл Божага Провіду ў Слабодцы, пабудаваны на пачатку 20 ст., але захаваны фактычна ў нязменным выглядзе да нашых дзён. Цэлая гісторыя хрысціянства знайшла адлюстраванне ў цудоўных роспісах на сценах святыні. Адчулі вялікую адказнасць парафіян за сваю святыню, бо яе вытанчанасць і пышнасць – гэта перш за ўсё праца і намаганні мясцовых жыхароў.

Прыгажосцю Браслаўскага краю, беззліччу азёраў мы змаглі палюбавацца, калі наведалі гару Маяк – узвышанае месца, з якога адкрываецца выключны па сваёй прыгажосці выгляд на навакольныя мясціны: азёры з астравамі, башні касцёлаў, лясістыя ўзгоркі. Асалода ад убачанага выключная, панарама, якая адкрываецца з гары, уражвае ў вышэйшай ступені, глядзіш – аж дух захватвае!

Напэўна, самае яркае ўражанне аб Віцебшчыне атрымалі мы пасля наведання вёскі Мосар і размешчаных на яе тэрыторыі Касцёла Святой Ганны, а таксама культурна-дэндралагічнага комплекса. Тое хараство, якое было створана пад кіраўніцтвам святой памяци кс. Юозаса Булькі і вернікамі парафіі, не мае аналогіі ва ўсёй Беларусі. Тут сапраўды ёсць на што паглядзець і ёсць чым ганарыцца: скульптурныя кампазіцыі рэлігійнага напрамку, штучныя вадаёмы з лотасамі, безліч кветак, самыя разнастайныя дрэвы і кустарнікі, знакамітая мосарская крыніца, “ружанцовая алея”, антыалкагольны музей, невялікі звярынец і многае іншае. І над усёй гэтай рукатворнай прыгажосцю як сімвал прысутнасці Бога ва ўсім узвышаецца самы вялікі ў Беларусі крыж.

Праязджаючы праз горад Глыбокае, спыніліся каля Касцёла святой Троіцы, пабудаваным больш за стагоддзе назад з ярка выражанымі элементамі барочнага стылю.

На далейшым шляху нас прывітаў Нацыянальны Санктуарый Маці Божай Будслаўскай – сапраўдны цуд хрысціянскай культуры. Велічныя вежы барочнага стылю, унікальныя роспісы сцен, арган 18 ст. і многае іншае. Сярод усяго гэтага самы важны цуд – абраз Маці Божай Будслаўскай, Апякункі нашага краю, да якога ўжо 400 год ідуць і едуць пілігрымы з розных куткоў зямлі, каб убачыць Яе і быць пачутым Ёю, каб дзякаваць і прасіць. Напярэдадні вялікага юбілею, які будзе азначацца святыняй, мы атрымалі магчымасць сустрэчы са святасцю, магчымасць быць пачутым, атрымаць апеку і суцяшэнне перад цудоўным вобразам Маці Божай.

Апошняя святыня, якую мы наведалі вяртаючыся дадому, - Касцёл Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Марыі Панны ў в. Касцяневічы, пабудаваны ў 1763 годзе , помнік барочнай архітэктуры.

Два дні пілігрымкі праляцелі як адно імгненне. За гэты час мы столькі пабачылі сваімі вачыма, змаглі пранікнуць пэўным спосабам у глыбіню стагоддзяў, палюбавацца прыгажосцю роднай зямлі, але самае галоўнае – убачыць ва ўсім гэтым нашага Творцу, пакланіцца Яму , адчуць Яго веліч, дабрыню і міласэрнасць. Хіба не ў гэтым сэнс нашага жыцця?

 Галіна Садоўская


Фота будуць дададзены пазней