Skip to main content

Папа рымскі перадаў сваё благаслаўленне беларускаму народу

franciskПапскі легат і старшыня Папскай рады па міжрэлігійным дыялогу кардынал Жан-Луі Таран падчас сустрэчы з Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнка перадаў благаслаўленне Папы Рымскага ўсяму беларускаму народу, перадае БЕЛТА.

Кардынал Жан-Луі Таран прызначаны пантыфікам легатам на юбілейныя ўрачыстасці ў Будславе.

Падчас сустрэчы ён адзначыў, што за сваю 28-гадовую кар’еру ў яго была магчымасць дыялогу з прадстаўнікамі розных дзяржаў.

“Мне прыемна чуць, што усе канфесіі знайшлі свой дом на Беларусі і жывуць у супакоі і згодзе”, – сказаў ён.

Кардынал Таран – блізкі супрацоўнік папы Францішка. Ён займае пасады старшыні Папскай рады па міжрэлігійным дыялогу, з’яўляецца членам Савета Другой Секцыі Дзяржаўнага Сакратарыяту, які вырашае палітычныя пытанні, Кангрэгацыі Веравучэння, Кангрэгацыі па справах Усходніх Касцёлаў, Кангрэгацыі па справах Біскупаў, Найвышэйшага Трыбунала Апостальскай Сігнатуры, Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству, ён адказны, між іншым, за кантакты з Праваслаўнай Царквой, Папскай рады па культуры, Адміністрацыі маёмасці Апостальскай Сталіцы, Папскай камісіі па справах горада-дзяржавы Ватыкан, Кардынальскай камісіі па наглядзе за Інстытутам рэлігійных спраў (Ватыканскі банк).

Для французскага кардынала гэта першы візіт у Беларусь.