Skip to main content

Вы - соль зямлі! Супольнасць у Ізабеліне духоўна ўзмацнілася праз святыя місіі

img 4437 thumbДаволі незвычайнай з’явай для невялікай парафіяльнай супольнасці ў Ізабеліне на Гродзеншчыне з’яўляецца тое, што менавіта там з 27 па 30 чэрвеня духоўныя практыванні для вернікаў правёў кс. біскуп Казімір Велікаселец з Пінскай дыяцэзіі. Яго Эксцэленцыя, паводле словаў мясцовага душпастара кс. Міхаіла Васількевіча: “…вельмі ахвотна пагадзіўся нас духоўна падтрымаць”.

Тэмай сёлетніх місій былі словы нашага Збавіцеля: "Вы - соль зямлі". На працягу чатырох дзён вернікі парафій Маці Божай Няспыннай Дапамогі (Ізабелін) і парафіі Божай Міласэрнасці (Падароск, Ваўкавыскі раён) духоўна ўзмацніліся праз шматлікія набажэнствы, неабходныя для больш свядомага жыцця верай і глыбей сябе ўсвядомілі, што з'яўляюцца адной сям'ёй галавой якой ёсць Хрыстос.

Знакавым момантам з’яўляецца таксама і тое, што ў гэты час супольнасць адзначыла таскама свае галоўныя мясцовыя ўрачыстасці: свята Маці Божай Няспыннай Дапамогі (тытул парафіі) – 27 чэрвеня і ўрачыстасць св. апосталаў Пятра і Паўла (тытул касцёла) – 29 чэрвеня.

Падчас святых місій святары і вернікі маліліся на могілках за памерлых, на знак перажытага благаслаўлёнага часу ўсталявалі і асвяцілі місійны крыж, а ў апошні дзень дзякавалі Богу за дар сям'і, а сямейныя пары аднавілі свае сужанскія абяцанні.

Парафіяльныя місіі з'яўляюцца глыбока закаранёнай рэлігійнай практыкай Касцёла. Гэта рэкалекцыі, якія право-дзяцца раз на некалькі гадоў для ўсёй парафіяльнай супольнасці. Мэтай місіі з’яўляецца ўмацаванне і аднаўленне жыцця веры. Кодэкс Кананічнага Права абавязвае арганізоўваць місіі. Звычайна яны адбываюцца на працягу цэлага тыдня. Па запрашэнні душпастара месца прыязджаюць святары місіянеры, якія прапаведуюць вернікам асноўныя праўды веры і хрысціянскай маральнасці. У парафіі ладзяцца набажэнствы, а на заканчэнне місіі вернікі прыступаюць да сакраманту Споведзі і св. Камуніі, а таксама адбываецца ўрачыстае асвячэнне місійнага крыжа, які місіянеры затым уста­наўліваюць перад будынкам касцёла. Выкарыстоўваючы гэты час, кожны вернік можа адкрыць сваё сэрца на Бога.

У нашай дыяцэзіі ксёндз біскуп Аляксандр Кашкевіч з нагоды 20-годдзя дыяцэзіі і падрыхтоўкі да яе 25-годдзя загадаў, каб парафіяльныя місіі былі праведзены ва ўсіх парафіях, а асабліва там, дзе іх не было ўжо на працягу дзесяці гадоў.