Skip to main content

XІІІ Звычайная Нядзеля. С. Антонія Шейгерэвіч CSFN

XІІІ Звычайная Нядзеля. С. Антонія Шейгерэвіч CSFN

З першага сказа сённяшняга Евангелля даведваемся, што Езус накіроўваецца ў Ерусалім, дзе чакае Яго спаўненне няпростага плану збаўлення. Чытаем: “час прыблізіўся...” Што гэта значыць для нас? І для нас з кожным днём усё бліжэй час спаткання з Панам. Ці жыву я з гэтай свядомасцю? Ці памятаю аб гэтым, прымаючы важныя жыццёвыя рашэнні?

Самарыцяне не прынялі Пана (самарыцяне і яўрэі здаўна варагавалі паміж сабою. Самарыцяне верылі, што пакланяцца Богу трэба на гары Гэразім і таму варожа адносіліся да ўсіх, хто ішоў пакланіцца Богу ў Ерусалім ). Бачым, як вучні Езуса рэагуюць на гэта: “Скажам, хай агонь сыдзе з неба і знішчыць іх”. Але апосталы паволі пачынаюць разумець навуку Хрыста. Яны пытаюць Езуса, ці могуць так зрабіць, а не адразу чыняць, яны дазваляюць, каб Езус сам запанаваў у гэтай сітуацыі, якой не разумеюць.

Вучні Хрыста не павінны навязваць Богу свайго бачання свету. Езус ідзе першы, а вучні – за Ім, а не наадварот.

Хрыстос сёння кажа нам паступаць так, як вучыць Евангелле, а не як свет, нам трэба змяняць сваё мысленне, каб яно было згодна з Добрай Навіной. Трэба нам заўсёды пытаць і прасіць Пана, каб у кожнай сітуацыі Езус панаваў, пытацца ў Яго, што рабіць.