Skip to main content

XІІ Звычайная Нядзеля. С. Антонія Шейгерэвіч CSFN

XІІ Звычайная Нядзеля. С. Антонія Шейгерэвіч CSFN

Здаецца, што як і дзве тысячы гадоў таму Езус пытаў сваіх вучняў, так і сёння Ён звяртаецца да нас з пытаннем: “Што людзі кажуць аба мне?” Але гэта не найважнейшае пытанне, значна важнейшае вось гэта: “Кім для мяне з’яўляецца Езус?”. Сапраўды, што я сам думаю аб Ім важней, чым тое, што іншыя аб Ім кажуць.

 

Чытаем у Евангеллі, што Хрыстос быў самотны на малітве. Як часта я бываю сам на сам з Богам? Ці не баюся застацца сам перад Ім і стаць у праўдзе, калі ніхто іншы мяне не бачыць і я магу быць самім сабой? І тады сказаць Богу, што веру ў тое, што Хрыстос гэта Сын Божы, што Яго я люблю ўсім сэрцам, думкаю і сіламі. Ці сваім захаваннем, словамі, учынкамі я пацвярджаю гэта кожны дзень?

Яшчэ адзін важны момант сённяшняга ўрыўку Евангелля, на маю думку, ў тым, што Езус толькі апосталам казаў, што Яго чакае вялікае цярпенне, што Ён будзе ўсімі пакінуты, укрыжаваны і ўваскрэсне на трэці дзень. Хрыстос казаў гэта для іх, каб калі станецца – яны не пераставалі верыць, што Ён сапраўды Сын Божы.

Цікава, што да ўсіх Езус кіруе словы аб наследаванні Яго (Лк 9,23). Калі хто хоча ісці за Ім – трэба браць і несці свой штодзённы крыж і ісці за Езусам, не перад Ім, але побач з Ім. Не толькі святар альбо законная сястра, усе хрысціяне пакліканы да гэтага – шукаць не сваёй волі, але волі Пана.