Урачыстасць Найсвяцейшай Тройцы. С. Антонія Шейгерэвіч CSFN
Тайна Святой Троіцы – гэта вялікая тайна нашай веры. Бог Айцец дае нам Свайго Сына праз Духа Святога.
Без дапамогі Духа Святога мы не можам любіць Бога і бліжняга ( Рым 5,5). Гэта Дух напаўняе любоўю нашае сэрца. І цяпер ласкай Духа Святога я магу ісці за праўдай і жыць паводле яе. Ён “давядзе вас да цалай праўды і ўсё вам вытлумачыць”.
Сёння кожны з нас можа сябе запытаць: Як я ў сваім жыцці жыву Тройадзіным Богам? Ці ёсць у маім сэрцы месца Богу Айцу? Памятаю ці я аб тым, што ў мяне ёсць любячы Айцец, які сатварыў увесь свет і што я яго ўзлюбленае дзіця. Ці дзякую я Яму за дар жыцця?
Ці памятаю я аб тым, што цаной Сваёй крыві Езус Сын Божы мяне адкупіў. Ён мой найлепшы сябар, Той, які аддаў за мяне сваё жыццё, дараваў мне жыццё вечнае. Ці задаю сабе пытанне – якая мэта майго жыцця? Ці памятаю аб жыцці вечным?
Ці прызываю я Духа Святога кожны дзень, каб Ён дапамагаў мне рабіць правільны выбар? Ці прашу Яго, каб Ён так распаліў маё сэрца любоўю да Бога, каб маё жыццё было праслаўленнем Бога за дар стварэння і адкуплення.
Няхай Пан сваёй ласкай адчыніць дзверы вашых сэрцаў, каб кожны з вас быў верным сведкам Езуса і дзяліўся сваім вопытам жывой веры ў Святую Троіцу з іншымі людзьмі, а асабліва з тымі, хто яшчэ не пазнаў Божай любові.