Skip to main content

“Жыццё сваё прыпадабняй да таямніцы Крыжа Пана” (рэпартаж)


pasviaczennieМоц улюбёнай упрыгожанай люднай катэдры, шмат кветак, урачыстае адзенне запрошаных гасцей… Зайграў арган і вялікай працэсіяй у галоўны каталіцкі касцёл дыяцэзіі ўвайшлі шматлікія святары і семінарысты. Вернікі спяваюць па-польску адну з любімых песняў верных, і гучыць яна сёння асабліва сімвалічна…

O Panie, to Ty na mnie spojrzałeś,

Twoje usta dziś wyrzekły me imię.

Swoją barkę pozostawiam na brzegu,

Razem z Tobą nowy zacznę dziś łów.

“Пане, ты паглядзеў на мяне, Твае вусны вымавілі імя маё…”

Гэтыя словы хіба не раз паўтарыліся ў сэрцах дыяканаў Паўла Эйсманта, Юрыя Ясевіча і Яна Кузюка, а таксама клерыкаў Юрыя Гурскага і Паўла Безляповіча, якія сёння прынялі святарскія і дыяканскія пасвячэнні. А разам з імі галоўную ўрачыстасць жыцця перажываў брат-міхаліт Ян Юшка, які стаў сёння святаром.

Урачыстая св. Імша распачалася…Рэктар семінарыі ксёндз-прэлат Юзаф Станеўскі прадставіў годных кандыдатаў да паслугі дыяканату і прэзбітэрату галоўнаму цэлебранту св. Імшы Апостальскаму нунцыю ў Беларусі арцыбіскупу Клаўдыё Гуджэроцці. Дарэчы, італьянскі арцыбіскуп адпраўляў св.Імшу на вельмі добрай беларускай мове, і гэты знак павагі да Касцёла ў Беларусі нельга не заўважыць.

У сваім прывітальным слове нунцый адзначыў, што вельмі ўдзячны за запрашэнне раздзяліць дыяцэзіяльную радасць і што для яго гонар ўдзяліць пасвячэнні гродзенскім кандыдатам. У сваю чаргу рэктар семінарыі, а таксама гродзенскі біскуп Аляксандр Кашкевіч падзякавалі арцыбіскупу за гатоўнасць перажываць у адзінай супольнасці такую вялікую ўрачыстасць.

Абрад пасвячэнняў прыгожа зліваецца з св. Імшой, працягваецца… Вось наступае момант, якога напэўна кандыдаты чакалі з асаблівым узрушэннем. Апостальскі нунцый распачынае сваю гамілію – словы, якія закараняцца ім ў памяці на ўсё жыццё, бо сказаны ў галоўны момант – момант прысвячэння сябе Богу і справе Духа Святога.

На пачатку арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці прыгадаў сабраным, што перажываная кансэкрацыя і ўвогуле дар святарства – гэта асаблівае благаслаўленне, дар, жэст любові Бога да нас. “Касцёл стане багацейшым сёння, бо кожны з гэтых новых святароў і дыяканаў будзе пастырам і будзе шукаць згубленыя авечкі”. Святар параўнаў узрастанне семінарыстаў з прыгатаўленнямі да шлюбу, адданнем сябе нарачонай (супольнасці Касцёла), таямнічая гісторыя якога пачынаецца ад самага нараджэння чалавека.

Нунцый, аднак, не маляваў будучым святарам ружовых вобразаў, а прызываў глыбей ўсвядоміць сваё абранае служэнне. “Стаць дыяканам або святаром не тое самае, што атрымаць працу ў грамадстве. Гэта не часовая праца, якую можна змяніць і не праца бюракрата ў кабінеце… ”

Гамілія арцыбіскупа была доўгай. Ён звярнуўся таксама і да сабраных святароў з заклікам стаць сям’ёй для новапрэзбітэраў, атуліць іх братэрскай і бацькоўскай любоўю, апекай, увагай. “Не можа быць, каб маладыя дыяцэзіяльныя ксяндзы адчувалі сябе сіротамі. Ніхто не згаджаецца быць сіратой усё жыццё. Гэта ваш абавязак і асаблівая радасць – паказаць маладым, што вы іх сям’я. Ці будуць яны цвёрда стаяць на зямлі, ці ўпадуць – залежыць ад вас. У вашых дамах заўсёды павінна быць месца для маладых святароў, якія павінны ведаць, што ёсць людзі, з якімі яны могуць падзяліцца сваімі цяжкасцямі”.

Заканчваецца гамілія, абрад пасвячэнняў імкнецца да сваёй кульмінацыі. Арцыбіскуп нагадаў маладым святарам і дыяканам, што Бог сапраўды іх любіць. “Ён абраў вас асаблівым чынам. Ваша дарога будзе заўсёды перад вачыма Бога”.

Клерыкі і дыяканы выражаюць арцыбіскупу сваю добрую волю і адказваюць сваё “Так” на вызначаныя пытанні, а таксама абяцаюць пашану і паслухмянасць свайму біскупу. Гучаць словы: “Бог, які распачаў гэтую справу, няхай Сам яе завершыць”. Вернікі спяваюць Літанію да ўсіх святых, пасля якой нунцый ускладае рукі на галовы кандыдатаў, прамаўляе формулы пасвячэнняў і наказвае: “Прымі Евангелле…, вер у тое, што прачытаеш, навучай таму, у што паверыш, і выконвай тое, чаму будзеш навучаць….Жыццё сваё ўпадабняй да таямніцы Крыжа Пана”.

Напрыканцы св. Імшы да прысутных звярнуўся гродзенскі біскуп Аляксандр Кашкевіч, які падзякаваў апостальскаму нунцыю за ўдзяленне сакрамантаў. Біскуп Аляксандр падкрэсліў, што кожнае пакліканне паходзіць ад Пана і з’яўляецца Яго дарам і што сакраментальны жэст ускладання рук, учынены прадстаўніком Апостальскай Сталіцы, яшчэ больш падкрэслівае ўніверсальны характар святарскага служэння ў супольнасці паўсюднага касцёла.

Новапрэзбітэры і дыяканы таксама падзякавалі за атрыманыя ласкі і выразілі гатоўнасць плённа служыць на ніве Пана.