Урачыстасць Найсвяцейшай Тройцы. Кс. Аляксандр Лебядзевіч
Сённяшняя нядзеля, падчас якой мы асаблівым чынам ўшаноўваем Бога ў Найсвяцейшай Тройцы, падкрэслівае неабмежаваныя магчымасці Госпада, якія ніколі не вычэрпваюцца. Чалавек сваім абмежаваным розумам ніколі не можа спазнаць Бога ў Яго сутнасці: што Бог адзіны ў трох асобах - гэта проста таямніца нашай веры.
Каля 385 года ад Нараджэння Хрыстова ў рымскай Брытаніі, у сям’і вайскоўца, нарадзіўся хлопчык, якому далі імя Патрык. Ва ўзросце 16 гадоў Патрык трапіў у палон да піратаў, якія вывезлі яго ў Ірландыю і там прадалі ў рабства. Падчас гэтага прымусовага прабывання на Зялёным Востраве ён захапіўся аскетычным жыццём і вырашыў прысвяціць свой лёс Богу. Уцёкшы праз шэсць гадоў на кантынент, Патрык стаў манахам і дапоўніў сваю адукацыю ў розных кляштарах. Пасля вывучэння тэалогіі Патрык атрымлівае пасвячэнне ў святары, затым у біскупы, і ў 432 годзе прыбывае ў Ірландыю, якую евангелізуе каля 30 гадоў. Ірландскім язычнікам цяжка было прымаць таямніцы хрысціянскай веры, асабліва Найсвяцейшай Тройцы. Патрык доўга ім тлумачыў, што Бог ёсць адзін, але у трох асобах. Пасля заканчэння катэхізацыі Патрык бачыў, што людзі так і не зразумелі яго - далей сцвярджаюць, што ёсць тры Бога. Тады ён зразумеў, што словы тут бескарысныя, і што трэба знайсці нейкі вобраз, прыклад. Ірландыя - гэта востраў, на якім амаль увесь час ідуць дажджы, таму там расце вельмі шмат розных відаў раслін. Сярод гэтых раслін Патрык заўважыў канюшыну, і на яе прыкладзе вырашыў растлумачыць таямніцу Найсвяцейшай Тройцы. Ён казаў: канюшына складаецца з трох пялёстак, але яны як адно цэлае, так і Пан Бог у адзінай сутнасці Тройцы. Мы пакланяемся Яго Адзінай Божай сутнасці ў Трох асобах: Айцу, Сыну і Святому Духу. Гэтыя канюшына дапамагла ірландцам прыняць праўду веры аб Святой Тройцы.
У цяперашні час, нягледзячы на намаганні місіянераў, свет перажывае крызіс веры. Многія людзі маюць своеасаблівыя ўяўленні пра Бога, якія часам ўсё ж далёкія ад Бога, пра якога гаварыў Езус. Бог - гэта, перш за ўсё, Любоў. Многія святыя, якія былі больш набліжаны да Пана праз малітву і містычнае жыццё, паказваюць сучаснаму свету, што толькі пакора і вера здольныя прывесці да сапраўднага пазнання Бога.
Каб зразумець Бога, нам патрэбен не толькі розум, але і адкрытае сэрца, таму што менавіта сэрцам мы можам прыняць любоў, якой і ёсць Бог у Трох Асобах.