Skip to main content

Спасланне Святога Духа. Кс. Аляксандр Лебядзевіч

Спасланне Святога Духа. Кс. Аляксандр Лебядзевіч

Сцэну з сённяшняга фрагмента Евангелля мы ведаем з дзяцінства. Чулі на занятках па катэхізісу аб вогненных языках, памятаем малюнкі, на якіх апосталы з Багародзіцай сядзяць за сталом, а на іх галовах спачываюць языкі полымя. Мы ведаем, што так зышоў Дух Святы.

Калі ў Дзеях Апосталаў мы чытаем аповед пра гэта, нас дзівіць такая велізарная радасць. Нас здзіўляе энтузіязм, які ахапіў апосталаў, калі яны прынялі Святога Духа. Магчыма, у гэтым ёсць доля вар'яцтва - так, у прыватнасці думалі тыя, хто бачыў апосталаў у дзень Спаслання Святога Духа. А некаторыя выказвалі здагадку, што выбух радасці у апосталаў выкліканы дзеяннем маладога віна.

У любым выпадку адбываецца нешта нечаканае: чуецца шум ветру, з'яўляюцца як бы вогненныя языкі, гучаць зразумелыя кожнаму слова. Гэтыя незвычайныя з'явы прыцягваюць людзей з самых розных куткоў свету. Яны хочуць убачыць, што адбываецца. Задаюць сабе пытанне: якім чынам гэтыя простыя галілейцы могуць гаварыць так, што кожны чуе сваю родную мову? Паводзіны апосталаў становяцца магнітам, які прыцягвае іншых. Вучні становяцца сведкамі Уваскрослага Езуса Хрыста і разам, смела, абвяшчаюць: Езус, які быў укрыжаваны, уваскрос і жыве!

Магчыма, для кагосці гэты аповед аб спасланні Святога Духа - не больш, чым “паданні даўніны далёкай” пра першыя дні пасля заснавання Касцёла. Магчыма, нехта разглядае спасланне Святога Духа выключна як гістарычную падзею, якая мела месца толькі аднойчы: што агульнага з ім можа быць у нас сёння? Мы ж нарадзіліся, калі Дух ўжо быў дадзены!

Вядома, мы жывем у часы, калі Святы Дух ужо дадзены. Аднак гэта спасланне Духа Святога працягваецца. Як некалі на апосталах, так і на нас спачыў Дух Святы ў сакрамэнце хросту і ў сакрамэнце канфірмацыі. Гэта было нашае спасланне Святога Духа. Так як некалі Апосталы, так і мы цяпер валодаем сілай быць сведкамі Уваскрослага Езуса і абвяшчаць аб вялікіх справах Божых. Праз нас таксама, Святы Дух жадае рабіць незвычайныя справы, якія будуць прыцягваць і здзіўляць іншых. Сёння Святы Дух таксама хоча гаварыць нашымі вуснамі на мове, зразумелай для ўсіх. Ён хоча, каб пры нашым пасярэдніцтве ўсе людзі пачулі аб вялікіх справах Божых. Праз нашае жыццё і веру Дух Божы імкнецца распавядаць і сведчыць пра ўваскрасенне Есуса. Тады і мы зможам спазнаць тую радасць і энтузіазм, якімі жылі першыя вучні Хрыста.