Skip to main content

VІІ Велікодная Нядзеля. Кс. Андрэй Кеўлюк

VІІ Велікодная Нядзеля. Кс. Андрэй Кеўлюк

“Каб былі з’яднаныя ў адно, каб свет пазнаў, што Ты паслаў Мяне і палюбіў іх, як палюбіў Мяне”.

Сёння Касцёл дае нам да разважання Арцыкапланскую малітву Езуса Хрыстуса, у якой Ён заносіць просьбу аб еднасці сваіх вучняў. Неад’емнай і, напэўна, самай галоўнай часткай еднасці з’яўляецца любоў, без яе цяжка ўявіць сапраўднае адзінства вучняў Хрыста.

Нашае разважанне я хацеў бы падзяліць на тры часткі, якія адлюструюць тое, якім павінна быць адзінства вучняў Хрыста.

1. Хрысціянская любоў – гэта фундамент адзінства.

Сужыццё паміж людзьмі цесна звязана з адказнасцю чалавека за чалавека. Чым мацнейшыя сувязі паміж людзьмі, тым большая іх адказнасць адзін за аднаго. Калі ж гэтай адказнасці няма, то паяўляюцца розныя цяжкасці і нягоды сумеснага жыцця. Любоў – гэта жаданне зрабіць бліжняму нешта прыемнае.

Гэта не простая справа, але кожны з нас можа дасягнуць гэтай вышыні праз людскую дабрыню, бо без яе свет будзе страшны. Без людской дабрыні страшным становіцца таксама і сэрца чалавека.

Якой меркай вы будзеце мераць, такою вам будуць мераць” (Мц 7,2). І “што зрабілі вы аднаму з гэтых братоў Маіх найменшых, тое мне зрабілі (…) Чаго вы не зрабілі аднаму з тых найменшых, таго і Мне не зрабілі” (Мц 25,40;45).

Любоў да бліжняга мусіць быць дзейнай, не можам абмежаваць яе толькі да эмоцый. За прыклад маем нашага нябеснага Айца, які Сына свайго даў дзеля збаўлення свету. Бог палюбіў кожнага, не чакаючы нашай любові. І гледзячы на такую любоў Бога і кожны з нас абавязаны любіць, не пытаючыся за што, любіць, не задумваючыся, што за гэта атрымаем.

Любоў пачынаецца з позірку на другога чалавека як на чалавека і павагі да яго.

2. Адзінства з Хрыстовым Касцёлам.

Малітва Хрыста аб адзінстве – гэта малітва аб узаемнай любові. Дзякуючы ёй, свет можа распазнаць сапраўдных вучняў Хрыста, а праз іх -- самога Бога. Разбітыя сем’і, не размаўляючыя адзін з адным суседзі, не ў ладах адзін з другім працаўнікі на працы не могуць быць сведкамі любові Бога. Тым больш гэта адносіцца да адзінства ў Касцёле. Святы Аўгустын напісаў: “Хоць мы і розныя, але мы не супраць адзін аднаго”. Аднак у паўсюдным жыцці ўсё наадварот.

У нашым жыцці ў веры і навучанні Касцёла мы хочам выбіраць тое, што нам падабаецца, а што не - адкідваць, бо чалавек ж мае права выбару. Аднак, дарагія, жыццё ў супольнасці Касцёла патрабуе ад нас паслухмянасці і шанавання. Ніхто з нас не можа адкінуць праўду, аб’яўленую Богам і пададзеную Касцёлам для выконвання вучням Хрыста, і замяніць яе сваёй уласнай праўдай.

Людзі “шукаючыя” хочуць бачыць прыклады жыцця верай у паўсядзённым жыцці кожнага з нас.

Да аднаго святара прыйшоў пажылы чалавек, які не лічыў сябе веруючым, але працягваў шукаць Бога. Святар быў заняты размовай у канцылярыі з маладой парай, аднак заўважыўшы зайшоўшага чалавека, выйшаў і, падаўшы яму крэсла, папрасіў трошкі пачакаць. Скончыўшы размову, выйшаў да яго. Аднак госць сказаў, што размовы ён ужо не патрабуе, бо ён толькі што спаткаў Бога. У размове выяснілася, што гэта спатканне адбылося, калі святар да яго выйшаў і падаўшы крэсла, каб ён мог сесці, дружалюбна папрасіў пачакаць.

Вось прыклад, які адлюстроўвае, як кожны з нас можа дапамагчы іншаму прыйсці да супольнасці Касцёла. Я моцна веру, што вы стараецеся быць прыкладамі для іншых там, дзе працуеце, вучыцеся, жывяце – спаткаўшы Хрыста, дзеліцеся Ім з іншымі.

3. Адзінства з бліжнімі.

Сучасны свет вучыць чалавека клапаціцца толькі і выключна аб сабе, не лічыцца ні з кім, і ні з чым: не размаўляць з роднымі, адгарадзіцца высокім плотам ад суседзяў, размаўляць і сябраваць з тымі, ад каго магу нешта мець.

Польскі псіхіятр, прафесар Антоні Кэмпінскі зрабіў штосьці падобнае на рахунак сумлення з аднаго толькі дня і напісаў: “Паспрабаваў палічыць псіхічныя траўмы, якія я зрабіў сваім бліжнім. Забыўся павітацца з парцье; у часе абыходу хворых быў у злым гумары, што яны маглі палічыць за тое, што я імі пагарджаю; на экзамене стараўся паказаць не толькі кепскую падрыхтаванасць студэнта, але і яго малую інтэлігентнасць, што магло бы выклікаць комплекс непаўнавартаснасці; і так далей...”

Такія самыя памылкі робіць кожны з нас, амаль што кожны дзень. І падобнага рахунку сумлення патрабуе нашае жыццё. Кожны з нас павінен старацца паглыбляць любоў да кожнага чалавека, якога спатыкае кожны дзень: на месцы працы, навукі, адпачынку.

Напрыканцы паставім сабе пытанне: “Што можам зрабіць для нашага адзінства з бліжнімі і з Касцёлам, каб дасягнуць найважнейшага адзінства -- з нашым Стварыцелем і Збавіцелем?”