Skip to main content

Да Бога праз сумесную радасць

Antonij Gremza 3Неўзабаве Ваўкавыск прыме ў сябе эстафету штогадовых Дыяцэзіяльных Дзён Моладзі. Гэтае маштабнае мерапрыемства пройдзе 10-12 мая пад дэвізам “Ідзіце і навучайце ўсе народы!” Аб тым, якой мае стацца гэтая падзея, чаго чакаць яе ўдзельнікам, каму і з якім настроем туды накіроўвацца, мы распыталіся ў шматгадовага галоўнага арганізатара Дзён Моладзі ксяндза Антонія Грэмзы.

-- Шаноўны ксёндз Антоній, давайце прадставім сабе, што на маім месцы малады чалавек ці дзяўчына, якая толькі дасягнула 15 гадоў і яшчэ ні разу не прыймала ўдзелу у гэтым дыяцэзіяльным свяце. Раскажыце, калі ласка, пра яго так, каб немагчыма было, што называецца, не паехаць ў Ваўкавыск.

-- Ну што я магу сказаць? Прыязджайце і ўсё ўбачыце! Моладзь напэўна сёння не хоча слухаць слоў, бо ўсюды і так зашмат словаў, але трэба прыехаць і паглядзець на тое, што будзе адбывацца. На свята кожны год збіраецца шмат моладзі – і гэта ўжо сведчыць пра тое, што варта прыехаць. Папярэднія Дні моладзі былі вельмі плённыя, паспяховыя. Варта знайсці час, прыехаць і быць разам з моладдзю дыяцэзіі на гэтых мерапрыемствах.

-- Але цікава, хто мае “білет” на свята? Якога узросту ўдзельнікі? Трэба быць актыўным парафіянінам? Ці абмежавана колькасць удзельнікаў?

-- Мы прымаем усіх жадаючых. У кожнай парафіі трываюць запісы, адказныя за моладзь запісваюць і заахвочваюць моладзь да ўдзелу. Не маем абмежаванняў да ўдзелу. Усе жадаючыя, хто чуецца маладымі і стараецца жыць актыўна ў касцёле, усе маюць права ўдзелу. Мінімальны ўзрост прыкладна 15 гадоў. Прымаем такую падрастаючую моладзь, каб магла бачыць добры прыклад і навучалася жыць у веры, у касцёле, каб узрастала ў ёй духоўная, хрысціянская свядомасць праз удзел у Днях моладзі. Так што няма абмежаванняў, усіх будзем рады бачыць.

-- Трэба неяк падрыхтавацца асаблівым чынам? Трэба быць у нейкай моладзевай суполцы? А групы парафіяльныя будуць прымаць удзел асаблівым чынам?

-- Напэўна. Ужо вядзецца падрыхтоўка розных парафій, я ведаю, што моладзь падрыхтоўваецца, бо кожная парафія, якая бярэ ўдзел, а таксама розныя групы моладзі будуць рабіць кароткія прэзентацыі на тэму “Ведаем, Каму мы паверылі”. Пра сваю веру ў Езуса Хрыста яны будуць расказваць ці праз апавяданне, ці праз сцэнкі. Таксама некаторыя парафіі маюць свае прызначаныя функцыі, адказваюць за літургію, альбо за спеў, за асобныя набажэнствы. Святары з парафій, якія працуюць з моладдзю, будуць везці спецыяльныя катэхезы для моладзі на тэму галоўных палажэнняў каталіцкай веры.

-- Што для вас, як для арганізатара, з’яўляецца мэтай правядзення Дзён Моладзі? Што павінна стаць яго вынікамі?

-- Канешне, Хвала Божая і святасць! Для мяне самае галоўнае, каб моладзь узрастала ў святасці, каб бачыла тое, што яна патрэбная для Касцёла, што Касцёл цікавіцца праблемамі моладзі, стараецца дапамагаць моладзі ўзрастаць у Божай праўдзе, Божай ласцы. Гэта наша мэта – каб праз адкрыццё супольнасці Касцёла навучацца быць шчаслівымі ў гэтым Касцёле, радавацца таму, што гэта “мой” Касцёл, што я да яго належу.

-- Дні Моладзі - гэта гульні, размовы, зносіны, вяселле, музыка, тэатральныя пастаноўкі? Што гэта перад усім? І якімі бы Вы хацелі бачыць удзельнікаў праграмы?

-- Так, можна сказаць, што сёння моладзь усё перажывае як забаву ці праз забаву, нават і рэлігію, і веру. Напэўна, гэтыя Дні моладзі будуць напоўненыя забавай, але будуць таксама моманты рэфлексіі, малітвы, асабістай задумы, споведзі, адарацыі. Усё гэта патрэбна, мы стараемся спалучыць адно і другое, каб не замяніць малітву вяселлем. З іншага боку, важна, каб была здаровая пабожнасць у маладых людзей, каб яны маглі выражаць сваю веру і таксама духоўныя адносіны да Пана Бога праз свае таленты. Таму гэта таксама мэта Дзён моладзі -- каб праз сумесную радасць і вяселле адкрываць патрэбу духоўнага жыцця, глыбокай рэфлексіі над сабой.

-- Якія асаблівыя госці прымуць удзел у Днях моладзі? Ці плануюцца нейкія маштабныя акцыі, нечаканасці?

-- Так, да ўдзелу ў Днях моладзі мы запрасілі апостальскага нунцыя арцыбіскупа Клаўдыё Гуджэроцці і гродзенскага біскупа Аляксандра Кашкевіча. Іх удзел запланаваны на суботу, калі яны разам будуць цэлебраваць св. Імшу і звярнуцца да моладзі са спецыяльнай прамовай. Таксама запланаваны так званыя Дыялогі з біскупамі, калі моладзь можа адрасаваць свае пытанні непасрэдна да іерархаў. Такім чынам і шаноўныя госці змогуць убачыць праблемы, якія турбуюць сёння нашу моладзь. Напэўна, будзе шмат святароў, сёстраў законных. Плануецца прыезд сястры-місіянеркі, якая працавала шмат гадоў у Афрыцы. Падчас місійнага набажэнства, калі мы будзем складаць абяцанні вучняў Хрыста і атрымаем місійныя крыжыкі, яна зложыць сваё сведчанне пра тое, што варта быць місіянерам Хрыста ўсюды, дзе мы жывем, у школе, у працы, а таксама, калі Бог кліча – і на місіях, у далёкіх краінах, дзе патрэба ў місіянерах узрастае, каб вера магла пераказвацца далей. Гэта будзе таксама такая нечаканасць, бо я і сам не ведаў, што яна прыедзе.

-- " Ідзіце і навучайце ўсе народы"... Тытульны заклік мерапрыемства гучыць вельмі адказна. Вы лічыце, што наша моладзь паклікана да апостальства?

-- Кожны пакліканы да апостальства. Не толькі моладзь, але ўсе, хто жыве ў касцёле. Мы пакліканы ўсе, асабліва моладзь, якая сёння перажывае розныя крызісы. Часта гавораць, што сённяшняя моладзь мае негатыўны настрой да веры, да Касцёла, нейкае раўнадушша. Гэта праўда з аднаго боку…Але каталіцкая моладзь, якая актыўная ў касцёле, павінна несці свет Евангелля ў сваё асяроддзе, быць апосталамі Хрыста, не баяцца сведчыць аб тым, што Хрыстос з’яўляецца Збаўцам. Мы павінны дзяліцца тым, што маем добрага у сабе, верай, ласкай, атрыманымі ад Бога талентамі. Гэтага ад нас чакае Хрыстос -- каб далі моцнае сведчанне веры.

-- Трохі зямнога: дзе моладзь будзе начаваць і што есці? Што трэба мець з сабой тым удзельнікам, хто не з Ваўкавыску? Як падрыхтавацца?

-- Падрыхтоўка даўно ўжо ідзе поўным ходам. Гэта не справа аднаго месяца. Парафія св. Станіслава Косткі рыхтуецца вельмі старанна. Будуць арганізаваны і начлегі, і сталоўкі, каб удзельнікі маглі з’есці добры поўны абед. Падрыхтоўваецца і сняданне, і вячэра. Удзельнікі, якія будуць жыць у сем’ях, будуць дзякаваць гасціннасці людзей. Але трэба і падрыхтавацца трохі самім: мець з сабой свае спальнікі. Дні моладзі -- гэта свайго роду пілігрымка, калі моладзь навучаецца таксама быць добразычлівай і перажываць нейкія цяжкасці. Таксама павінны мець з сабою добры настрой і рэлігійную інтэнцыю удзелу. Спадзяемся, што усім хопіць веры і даху над галавой.

Размаўляў кс. Юрый Жэгарын