VІ Велікодная Нядзеля. Кс. Андрэй Кеўлюк
“Калі хто любіць Мяне, той захоўвае слова Маё, і палюбіць таго Айцец Мой, і прыйдзем да яго, і зробім жыллё ў яго”…
Бог ёсць Любоў. Гэта тая праўда, якую большасць з нас, дарагія браты і сёстры, вынесла са свайго дзяцінства. Бог – Любоў, якая не мае межаў, не мае падзелаў, Любоў, якая проста любіць.
Наш Нябесны Айцец вельмі хоча, каб мы ўпусцілі Яго ў сваё сэрца, каб аддалі Яму яго на ўласнасць. Бог хоча жыць ў сэрцы кожнага з нас. Вельмі вымоўным знакам з’яўляецца, калі закаханыя дораць адзін аднаму сэрцы, зробленыя з паперу, матэрыялу, з чаго-небудзь, ці можа нават проста малююць сэрца ў паветры, паказваючы сваю любоў і тое, што “маё сэрца належыць табе”. Таго самага чакае ад нас Айцец Нябесны.
Аднойчы, калі я быў яшчэ дыяканам, да мяне на вуліцы падышоў чалавек з цэлай торбай кніг. У нас завязалася размова, падчас якой ён расказваў мне аб сваёй рэлігіі, прапанаваў у яго узяць бясплатна некалькі кніг, бо як казаў, я знайду ў іх адказы на турбуючыя маё сэрца пытанні. Мушу прызнацца, што ў той дзень я не меў настрою і ішоў сумны па вуліцы, што было заўважана маім суразмоўцам. Калі мы пачалі размаўляць пра Бога, ён параўнаў Яго з бацькам, а даведаўшыся, што мой бацька памёр вельмі даўно, сказаў: “У вас скажоны вобраз Бога, вы не можаце ўявіць і адчуць, які Ён на самай справе”. Само сабой, што я з гэтым не згадзіўся. Наш дыялог быў вельмі доўгі, а калі мой суразмоўца даведаўся, хто я, і ўпэўніўся, што пра Бога і які Ён, я таксама трошкі ведаю, проста збег. І кніжкі забраў…
Дарагія чытачы парталу, у кожнага з нас сваё жыццё, свае абавязкі, клопаты, хобі, сябры, кожны з нас нарадзіўся ў той ці іншай сям’і, можа некаторыя так, як і я, не мелі прыкладу і вобразу бацькі, ці мелі яго скажоным, што перашкаджае намаляваць сапраўдны вобраз Бога, але нас, такіх розных, яднае наш Нябесны Тата. Тата, якому мы можам пажаліцца, можам паказаць сваю слабасць, нават характар, а Ён ў адказ кожнаму з нас усміхнецца і ў сэрцы скажа: “Я цябе люблю, люблю па-сапраўднаму. Для цябе я паслаў на зямлю і аддаў на ганебную смерць свайго Сына, для цябе я пасылаю Суцяшальніка – Духа Святога, табе я ўсё гатовы прабачыць…Ты толькі не бойся. Я на цябе не накладаю цяжкіх, па-над твае сілы абавязкаў, як не рабіў гэтага з язычнікамі, паверыўшымі ў Мяне. Ты толькі вер і дазволь Мне пасяліцца у тваім сэрцы”.