Skip to main content

Брат Бенуа з Тэзэ: Уся праблема ў тым, што нашае жыццё не перапаўняецца радасцю Уваскрасення

У аўторак 30 красавіка адбылася сутсрэча гродзенскай моладзі з душпастарства “Оpen” з братам Бенуа (Benoit) з Тэзэ, які наведаў Беларусь, каб трошкі пазнаць краіну і людзей, якія тут жывуць. Падчас сустрэчы ўдзельнікі мелі магчымасць разам з братам Бенуа памаліцца, паспяваць каноны і паразмаўляць з цікавым госцем з Францыі. Брат Бенуа згадзіўся таксама адказаць на некалькі пытанняў для grodnensis.by.

Скажыце, калі ласка, як Вы апынуліся ў Тэзэ? Што вы шукалі ў гэтай супольнасці?

Я шукаў там сэнсу свайго жыцця, і я знайшоў у Тэзэ месца, дзе браты могуць супольна адчуваюць адказнасць за іншых, дапамагаюць адзін аднаму ў паглыбленні духоўнага жыцця, у малітве, узаемаадносінах з Богам.

Чаго чакаюць браты з супольнасці з Тэзэ ад нашай моладзі?

Мы чакаем ад моладзі з Беларусі трымаць адчыненым акно ў рэальнасць, у якой яны жывуць, рэальнасць Усходняй Еўропы. Для моладзі з Захаду гэта важна ў плане асабістага кантакту з людзьмі, якіх не так часта сустракаем. Мы верым, што гэты асабісты кантакт з людзьмі з розных асяроддзяў зробіць нас больш адкрытымі на ўзаемнае сяброўства і адпаведнае месца ў нашых сэрцах для людзей, якія паходзяць з разнастайных культур. Моладзь з Беларусі з пунтку погляду людзей з Захаду з’яўляюцца мастом паміж Польшай і Расіяй, паміж Захадам і Усходам, паміж каталіцкай і праваслаўнай традыцыямі.

Шмат маладых хрысціян маюць некаторыя цяжкасці ў развіцці сапраўднай асабістай духоўнасці ў Хрысце. Маглі б Вы пералічыць, якія асноўныя перашкоды на шляху да гэтага мае сучасная моладзь з Заходняй Еўропы?

У Евангеллі, у пэўным моманце свайго жыцця Езус запытаў у сваіх вучняў: “Ці знойдзе веру Сын чалавечы ў людзей, калі прыйдзе на зямлю?” Гэтае пытанне становіцца вельмі канкрэтным, таму што ў многіх месцах вера не перадаецца новым пакаленням, таму для нас гэты факт нясе за сабой вялікую занепакоенасць і мы павінны навучыцца некаторым рэчам з усходніх краін, дзе мы можам убачыць на вуліцах ці ў будынках людзей, якія робяць знак крыжа перад крыжам, каля храма, і калі дзеці, унукі, іх бацькі, дзядулі і бабулі сумесна наведваюць святыні і моляцца разам. Мы павінны штосьці адкрыць для сябе з гэтага дыялогу паміж пакаленнямі, які вы маеце ў касцёльнай супольнасці. Вельмі прыгожа, што нягледзячы на вялікія цяжкасці мінулага стагоддзя, вера была дакладна пераказана, і мы спадзяемся, што новае пакаленне можа выкарыстоўваць гэты пераказаны дар веры. У Заходняй Еўропе вялікай перашкодай з’яўляецца індывідуалізм, дамінуючая ідэалагічная плынь у грамадстве, якая канцэнтруецца толькі на тым, каб атрымоўваць, мець, і вельмі часта моладзь забывае галоўнае - не мець а быць, існаваць, быць ва ўзаемаадносінах з Богам і з людзьмі. Я звяртаю ўвагу толькі на сябе, на здабыванні матэрыяльных рэчаў, шуканні задавальнення сваіх жаданняў.

Сучасная заходняя цывілізацыя мае пэўны уплыў таксама і на нашую моладзь, асабліва праз СМІ. Вы таксама дакладна ведаеце, што ў гэтай частцы Еўропы панаваў таталітарызм, які аказаў свой негатыўны уплыў на моладзь, а часам нават пазбавіў людзей трывалага духоўнага стрыжня. Таму з аднаго боку грамадства адчувае пэўны уплыў мінулага стагоддзя, які пакінуў свой след у ментальнасці, а з другога боку сучасную плынь секулярызму і індывідуалізму. У чым перш за ўсё Вы хацелі б перасцерагчы моладзь з Усходу, каб нягледзячы ні на што, захаваць галоўнае ў сваім жыцці?

Самай важнай справай паводле мяне з’яўляецца радаснае сведчанне аб Хрысце асабістым прыкладам свайго жыцця. Тут не важна, адкуль паходзіць моладзь, важна тое, каб глыбока разважаць над сваёй верай, над радаснай таямніцай Уваскрасення, над духоўнай спадчынай, якая была дадзена ўсім. Уся праблема ў тым, што нашае жыццё не перапаўняецца радасцю Уваскрасення. І я бы сказаў маладым людзям з Беларусі: не вагайцеся паказваць тое, што вы маеце, тое лепшае, што вы атрымалі ў спадчыну ад мінулых пакаленняў. Моладзь з Заходняй Еўропы можа атрымаць гэты вялікі дар ад Вас. У Тэзэ мы стараемся прыняць ад кожнага чалавека, ад кожнай касцёльнай супольнасці найлепшае з іх гісторыі, традыцыі, не горшае, але найлепшае. Для мяне моладзь з усіх краін, калі яна хочыць жыць згодна з Евангеллем, павінна быць сведкам таго, што Бог любіць кожнага чалавека. Калі гэты чалавек будзе выпраменьваць у сваім хрысціянскім жыцці, тыя, хто не вераць, будуць натхняцца такім прыкладам і будуць яго пераймаць. Без прапаведавання найперш, што Бог ёсць любоў, я баюся, што спадчына веры не будзе даступна для іншых.

Вы адказныя за Беларусь, я чуў, што Вы маеце пэўныя абавязкі адносна Беларусі і Усходняй Еўропы?

Мая адказнасць невялікая. Разам з братам Георгам мы хочам пераканацца ў тым, што моладзь з Беларусі мае адчуць гасціннасць са спатканняў у Тэзэ, якія нашая супольнасць ладзіць. Гэта невялікая адказнасць, якую выконваем з вялікай радасцю.

Якія Вашыя найбліжэйшыя планы адносна Беларусі? Быць можа, Вы плануеце арганізаваць нейкія спатканні або якія-небудзь іншыя культурна-рэлігійныя мерапрыемствы?

Адносна гэтага мы не маем ніякіх праектаў, адзіная нашая мэта - паглыбленне ўзаемнага пазнання і сяброўства. Арганізацыя спатканняў маладых людзей патрабуе збудавання даверу з боку ўсіх хрысціянскіх канфесій. Мы з’яўляемся экуменічнай арганізацыяй і не хочам ладзіць ніякіх спатканняў моладзі без храсціянскага благаслаўлення з розных супольнасцей. Мая прысутнасць не мае на мэце рэалізацыю нейкіх праектаў тут, але мы перакананыя, што вельмі важным з’яўляецца сам візіт да беларусаў, якія ўжо ўдзельнічалі ў спатканні ў Рыме, якое адбылося на пачатку гэтага года і што гэтае спатканне вітаў папа Бенедыкт XVI. Мы таксама рыхтуемся прыняць тых, хто плануе далучыцца да нашай супольнасці ў Тэзэ гэтым летам. Я вельмі цешуся з таго, што група маладых людзей плануе прыехаць з Гродна, якая далучыцца да нашых летніх спатканняў у Тэзэ.

Ці прыязджаюць мусульмане ў Вашую супольнасць? Што думаюць браты аб мосце паміж хрысціянамі і мусульманамі?

Нашай асноўнай місіяй з’яўляецца развіццё сяброўства (братэрства) паміж хрысціянамі, таму што мы цяпер маем вельмі вялікія падзелы і гэта забірае ад нас вельмі шмат сіл, нашай надзеі, малітвы, каб маліцца і працаваць, маючы на мэце адзінства хрысціян. Мы верым, што нашае жаданне дасягнення адзінства хрысціян мае сувязь з супакоем ва ўсім свеце, таму што хрысціяне застаюцца падзеленыя паміж сабой і не ў стане ў поўнай меры перадаваць праўду Евангелля. Нягледзячы ні на што, адзінства хрысціянаў будзе вялікім крокам у напрамку да адзінства ўсёй людской сям’і. У гэтый мары адзінства паміж людзьмі кожны мае сваё месца. У Тэзэ мы з вялікай пашанай адносімся да кожнай асобы, нават да тых, хто не з’яўляецца хрысціянінам. Мы, аднак, не ладзім чагосьці асобнага ў гэтым плане, таму што іншыя хрысціянскія супольнасці і хрысціянскія лідары больш ведаюць, як арганізаваць дыялог з мусульманамі.

Да вашай супольнасці належаць людзі, якія паходзяць з Усходняй Еўропы, з Беларусі?

Не, на жаль няма. Вось чаму вельмі важна для нас наведаць Беларусь. Цяпер мы лепш сталі разумець, што нам вельмі патрэбныя прадстаўнікі маладзі з гэтай краіны. Некаторыя валанцёры з Беларусі прыязджаюць да нас летам на некалькі тыдняў і мы цешымся з гэтага благаслаўлення, з таго, што яны могуць выразіць самых сябе, расказаць аб сваім жыцці ў іх краіне і наладжваць узаемныя сувязі. У нашай супольнасці ёсць браты з Польшчы, Венгрыі, Чэхіі, Славакіі, але прадстаўнікоў з краін былога Савецкага Саюза ў нас няма. Вельмі шмат маладых людзей з Беларусі, Украіны, Расіі прымаюць удзел у спатканнях, якія мы ладзім у Тэзэ або іншых краінах Еўропы і гэта вельмі важна для нас.

Вы мелі якія-небудзь спатканні з прадстаўнікамі праваслаўнай Царквы ў Беларусі?

Перад прыездам у Беларусь я 10 дзён быў ва Украіне і меў магчымасць прымаць удзел у розных урачыстасцях з праваслаўнай супольнасцю. Я таксама сустрэўся з двума біскупамі Маскоўскага Патрыярхата. Я думаю, што ў Беларусі мяне яшчэ чакаюць сустрэчы з праваслаўнай супольнасцю і асабліва на гэтым тыдні святкаваць урачыстасць Уваскрасення нашага Збаўцы. У гэтым годзе я маю магчымасць святкаваць гэтую ўрачыстасць два разы, першы – у маёй супольнасці (паводле грэгарыянскага календара) другі раз у Беларусі (паводле юліанскага календара).

Размаўлялі кс. Антоній Грэмза, Юлія Марчук, кс. Юрый Жэгарын