Skip to main content

Папская місійная справа: евангелізаваць як мага больш сучаснікаў

15 красавіка адбыўся дзень засяроджання для святароў Гродзенскай дыяцэзіі, у якім прыняло ўдзел каля 100 душпастыраў. На спатканні, падчас духоўных практыкаванняў, да святароў прамовілі кс. др Мікалай Ціхановіч на тэму “Святарства ў супольнасці Касцёла і ў моцы Св. Духа” і госці з Польшчы - кс. Богдан Міхальскі і а. Лука Бовіо, якія прэзентавалі прысутным Папскую місійную дзейнасць. Кс. Богдан і а. Лука ахвотна пагадзіліся адказаць на некалькі пытанняў для grodnensis.by.

Якія асноўныя мэты вашай дзейнасці?

Кс. Богдан Міхальскі: Асноўнай мэтай Папскай місійнай дзейнасці з’яўляецца прыцягненне як мага большай колькасці людзей да справы Евангелізацыі сучаснага свету, каб гэтая справа не была прэрэгатывай толькі для святароў і місіянераў, але каб кожны на сваім узроўні і па меры сваіх магчымасцей адчуваў патрэбу Евангелізацыі свету, якая вынікае з самога хросту. Паколькі я прыняў хрышчэнне і з’яўляюся хрысціянінам, то я маю абавязак, які вынікае з веры, у гэтым прымаць дзейсны ўдзел. У Польшчы, дзе я на дадзены момант працую, асноўнай мэтай нашай дзейнасці з’яўляецца распаўсюд веры.

а. Лука Бовіо: Папскі місійны саюз, у якім я займаю пасаду сакратара, займаецца місіянерскай анімацыяй, ці актывізацыяй, якая перш за ўсё скіраваная на святароў, манахаў і манахінь, а таксама на тых, хто рыхтуецца да святарства. І таму мы тут, у Гродзенскай семінарыі, праводзілі дзень засяроджання для клерыкаў у рамках вось гэтай місіянерскай анімацыі. І асноўныя тэмы, якія гучалі падчас гэтага спаткання, адносіліся да Евангелля, якое заўсёды разглядалася з місійнага пункту гледжання. І сёння мы таксама мелі нагоду, каб прыняць удзел у дні засяроджання святароў і заахвоціць іх да актыўнага ўдзелу ў місіянерскіх справах.

Колькі агулам асобаў задзейнічана ў гэтых важных для паўсюднага Касцёла місійных справах?

Кс. Богдан Міхальскі: Папская місійная дзейнасць ёсць усюды там, дзе каталіцкі Касцёл мае добра зладжаную сістэму функцыянавання. Пакуль што гэтых пачынанняў няма яшчэ ў Беларусі, ва Украіне. На дадзены момант структуры Папскай місійнай дзейнасці існуюць ў 150-ці краінах, дзе гэтая дзейнасць не забараняецца ўладамі. Нашая арганізацыя кіруецца непасрэдна пантыфікам. Кожная з гэтых 150-ці краін мае сваю агульнанацыянальную дырэкцыю, кожная дыяцэзія мае асобнага святара, адказнага за правядзенне місійных пачынанняў ва ўласнай дыяцэзіі. На дадзены момант цяжка адказаць, якая колькасць людзей прымае непасрэдны ўдзел у гэтым, таму што не існуе чагосьці такога як членства, таму што гэтыя пачынанні з’яўляюцца чымсьці натуральным для паўсюднага Касцёла, для тых, хто мае да яго сваю прыналежнасць.

а. Лука Бовіо: Хацеў бы са свайго боку дадаць, што прыналежу да Таварыства місіянераў Маці Божай Суцяшэння, якое бярэ свой пачатак у Італіі. Гісторыя гэтага згуртавання налічвае ўжо 112 гадоў. На дадзены момант да гэтага таварыства прыналежыць 1000 святароў, 600 манаскіх сясцёр. Заснавальнікам нашай супольнасці з’яўляецца благаслаўлёны Ёзэф Аламано. Цяпер я разам з двума іншымі братамі з Афрыкі жыву ў Варшаве, дзе мы праводзім місійную анімацыю. Пасля гэтых дзён засяроджання мы супольна выбіраемся да адной з вёсак у Беларусі, адкуль паходзіць адзін наш брат, які прыналежаў да нашага таварыства, св. памяці а. Вітальд Малей, які атрымаў святарскія пасвячэнні ў Варшаве. Там ён у якасці дыяцэзіяльнга святара выконваў свае абавязкі на працягу 12 гадоў, пасля чаго ўступіў у нашае таварыства, працаваў у Бразіліі, дапамагаў місійным пачынанням у Афрыцы і напрыканцы свайго жыцця вярнуўся ў Беларусь, на сваю бацькаўшчыну, дзе некаторы час працаваў душпастарам у сваёй роднай мясцовасці, а менавіта ў в. Дзеркаўшчына, Глыбоцкага дэканату.

Якія ініцыятывы вы на дадзены момант рэалізуеце ў Польшчы?

Мы праводзім шмат місійных набажэнстваў, не так даўно на Яснай Гары ў Чанстахове адбылося малітоўнае чуванне ў інтэнцыі Евангелізацыі свету, дзе сабралася каля 500 чалавек. Да нашай ініцыятывы можна залічыць таксама Рух Жывога Ружанца. Кожны год ладзяцца місійныя калядаванні, актыўна вядзецца місійнае апостальства хворых, праходзіць мноства місійных акцый для моладзі і з моладдзю, таксама мы праводзім Школу місіянерскіх аніматараў. Праводзяцца таксама розныя адзінкавыя акцыі ў форме сустрэч, сімпозіюмаў і кангрэсаў, якія мы арганізуем сваімі сіламі, або арганізатарам выступае хтосьці іншы і нам прыходзіць запрашэнне.

Якая асноўная, духоўная мэта вашага візіту ў Беларусь? 

Каб заахвоціць святароў і кандыдатаў да святарства адкрыцца на патрэбы ўсяго свету, найперш зацвердзіцца моцна ў Евангеллі, але таксама ўбачыць і глыбока ўсвядоміць патрэбу абвяшчэння Евангелля.

Размаўляў кс. Юрый Жэгарын

 

Кс. Богдан Міхальскі, жыве і працуе ў Варшаве, з’яляецца сакратаром агульнапольскага руху "Папская місійная дзейнасць распаўсюду веры" і "Папская місійная дзейнасць св. Пятра Апостала".

А. Лука Бовіо, місіянер Маці Божай Суцяшэння, італьянец, жыве і працуе ў Варшаве, сакратар Папскага місіянерскага саюза.

Папская місійная дзейнасць - гэта агульная назва розных місіянерскіх ініцыятываў, да якіх адносяцца: 1) Папская дзейнасць распаўсюду веры 2) Папская дзейнасць св. Пятра апостала 3) Папская місіянерская справа дзяцей 4) Папскі місіянерскі саюз. Папская місійная дзейнасць - справа Паўсюднага і кожнага мясцовага Касцёла, якая ў еднасці з наступнікам св. Пятра Апостала рэалізуе заданне абуджэння місіянерскай свядомасці вернікаў.

 

Структура арганізацыі Папскай місійнай дзейнасці выглядае наступным чынам:

- Найвышэйшая рада, якую ўзначальвае кард. Фернандо Філоні
- Прэзідыюм нацыянальнай рады, якую ўзначальвае агульнанацыянальны кіраўнік Папскай місійнай дзейнасці
- Агульнанацыянальная рада
- Дыяцэзіяльныя дырэктары, якія адказваюць за Папскую місійную дзейнасць у мясцовым Касцёле.

 

У Паўсюдным Касцёле, пачынаючы з 1926 года, у перадапошнюю нядзелю кастрычніка, святкуецца Сусветны Місіянерскі Дзень.