ІІ Велікодная Нядзеля. С. Антонія Шэйгерэвіч CSFN
У Першую Велікодную Нядзелю ў Евангеллі ад Яна я звярнула ўвагу на апошні сказ, дзе евангеліст адказвае на пытанне: навошта ён усё гэта напісаў, "каб паверылі, што Ісус ёсць Хрыстос, Сын Божы, і, веруючы, мелі жыццё вечнае". Важна не толькі, каб мы паверылі ў Хрыста і Яго Уваскрасенне, гэтага мала, нам трэба ў нашай веры ўзрастаць.
Само слова "верыць" з грэцкай мовы азначае 'даверыць сваё існаванне камусьці, каму можна давяраць'. Ян запрашае нас жыць верай так, "каб веруючы, мелі жыццё ў імя Яго" - усё перажываць з Ім і ў Ім, каб нашае жыццё было спалучана з Хрыстом у нашых словах, думках і ўчынках. Госпад ведае сумненні кожнага з нас, Ён ведае нашае сэрца, і тое, што нам неабходна. У гэтым мы можам упэўніцца на прыкладзе апостала Фамы. Калі вучні казалі яму, што бачылі Госпада, ён ім не паверыў, а сказаў:"... калі не ўкладу пальца майго ў раны Яго, не паверу...". Наступным разам, калі Ісус прыйшоў да апосталаў і Фама быў з імі, Хрыстос адразу звярнуўся да Фамы і сказаў тое, што казаў апосталам Фама, - Ісус чытае ў нашым сэрцы, Ён усё ведае пра нас.
Няхай нашыя імкненні будуць накіраваныя на тое, каб мы разам з апосталам Фамой маглі сказаць: "Госпад мой і Бог мой", і што Хрыстос стаў для мяне вельмі блізкім, Ён адзіны Госпад не толькі майго жыцця, але і майго сэрца.