Skip to main content

Велікодная Нядзеля. Кс. Аляксандр Лебядзевіч

Велікодная Нядзеля. Кс. Аляксандр Лебядзевіч

Няма на зямлі людзей, якія б не сутыкнуліся са смерцю. У той час, калі смерць забірае нашых блізкіх, у сэрцы адчуваем сум, вялікі боль і адчай. Узгадваем усе падзеі з жыцця і адчуваем, як жа нам іх не хапае … Чытаючы Евангелле Велікоднай Нядзелі, мы амаль фізічна адчуваем смутак, які адчувалі Марыя Магдаліна, Пётр, Ян і ўсе сябры Езуса Хрыста пасля Яго смерці.

Яны ніколі не бачылі і не ведалі нікога, падобнага на Яго. Езус быў добрым, чулым, мудрым чалавекам. Ён любіў ўсіх людзей і з тымі, хто пайшоў за Ім, Яго звязвалі моцныя сяброўскія сувязі. Вучні памяталі, як Езус дапамагаў усім - бедным, хворым, няшчасным. Але самае галоўнае, Ён настаўляў на праўдзівы шлях. Вучні паверылі, што Ён і ёсць абяцаны Богам Месія. Яны чулі, як Ён казаў нешта аб уласным Уваскрасенні, але не разумелі па-сапраўднаму Яго слоў.

У першы дзень тыдня, калі Марыя, Пётр і Ян прыйшлі да магілы Езуса, яны яшчэ не разумелі таго, што было пра Яго сказана ў Пісанні, як і многіх Яго слоў. У Евангеллі адзначана, што на двары ў гэты час было яшчэ цёмна. Але такая ж цемра панавала і ў душах вучняў. Цемра - гэта сімвал неразумення. Любімы вучань Езуса, Ян, быў першым, у чыім сэрцы і розуме спачатку рассейвацца цемра: выходзячы з пустой грабніцы, Ён ужо верыў, што Езус на самой справе уваскрос з мёртвых.

Гэты тэкст адносіцца непасрэдна да кожнага з нас. Кожны з нас збольшага здзіўляецца пры выглядзе падзеі Змёртвыхпаўстання, мы не да канца ўсведамляем, што ж адбылося на самой справе, мы ўсё яшчэ знаходзімся ў хоць і перадсвітальнай, але цемры. Вучань, якога любіў Езус, - гэта вобраз кожнага з нас. І мы, па прыкладзе Яна, павінны з усёй настойлівасьцю шукаць Езуса, разважаць пра Яго жыццё, верыць у Яго Уваскарасенне, любіць Яго, ісці за Ім і сведчыць пра Яго.

Вялікдзень, ўрачыстасць Змёртвыхпаўстання Пана нашага Езуса Хрыста, няхай натхняе нас і ўмацоўвае ў нас веру. Езус сапраўды ўваскрос, Ён і сёння з намі. Гэтая праўда - самая галоўная ў нашай веры. Мы верым, што Езус жывы і пастаянна знаходзіцца побач з намі. Гэтая вера заахвочвае нас стаць Яго сябрамі, дае нам сілу для пераадолення жыццёвых цяжкасцяў, змякчае смутак. Змёртвыхпаўстанне Езуса – падстава, фундамент нашай надзеі на нашае ўласнае ўваскрашэнне, на паўстаннне з мёртвых ўсіх людзей.

Хрыстус уваскрос!!! Сапраўды ўваскрос!!!