Skip to main content

Кс. Раман Катлімоўскі падчас св. Імшы Вячэры Пана: Мы павінны ў святарстве паказваць Хрыста, а не сябе

Св. Імша Вячэры Пана была адпраўлена ўчора ўвечары ў гродзенскай катэдры. Распачаўся святы Пасхальны Трыдуум. Апошні раз падчас гімна “Хвала на вышынях Богу” зазванілі званкі, якія да Пасхальнай Вігіліі заменяць драўляныя ляскоткі. Сціхнуў арган. Найсвяцейшы Сакрамант быў перанесены ў цямніцу, якая зроблены ў катэдры ў каплічцы Маці Божай Кангрэгацкай.

Перад пачаткам св. Імшы маленькія вернікі, удзельнікі кола Адарацыі Найсвяцейшага Сакраманту і Малітоўнай групы Маці Божай Кангрэгацкай павіншавалі ксяндза біскупа Аляксандра Кашкевіча, пробашча катэдры ксяндза Яна Кучынскага і прысутных святароў з урачыстасцю, калі ў гэты дзень, Вялікі чацвер, Езус Хрыстус усталяваў сакраманты Эўхарыстыі і святарства. Для кожнага святара гэты дзень асаблівы. Таму акрамя словаў віншавання, усім прысутным святарам вернікі падарылі кветкі, сярод якіх вылучаліся белыя ружы як сімвал чысціні.

- Дарагія Айцы, вы нам патрэбныя. Пазначце нам шлях, але не проста скажыце, як ісці, а прайдзіце яго разам з намі. Ідзіце, а мы пойдзем следам. Самая дакладная навука – бачыць жыццё, згоднае з пакліканнем. Пагаварыце з намі пра Божую любоў. Пагаварыце з намі пра сваю любоў да Бога. Раскажыце нам, як гэта цяжка, і мы зразумеем. Мы прыйдзем і будзем любіць разам з вамі. […] Калі вы даяце нам Бога, вы даяце любоў, якую свет даць не можа, - звярнуліся да ксяндза біскупа і святароў прадстаўнікі Малітоўнай групы Маці Божай Кангрэгацкай.

Напярэдадні Вялікага Чацвярга ўдзельнікі гэтай малітоўнай групы адмаўлялі цягам 9 дзён навэнну за святароў Гродзенскай дыяцэзіі, што можна палічыць за лепшы для іх падарунак.

Гамілію прамовіў кс. др Раман Катлімоўскі:

- Мы павінны ў святарстве паказваць Хрыста, а не сябе, бо іначай будзем маркотнымі. Мы павінны быць святлом, каб асвятляць тых, хто ходзіць па навакольных вуліцах. Мы не можам жыць без святла Хрыста! Мы павінны быць адкрытымі, як Пан Езус, бо іначай Касцёл перажывае крызіс, Дух сыходзіць, а Евангелле не трапляе да сэрц людзей. І таму вы так патрэбныя нам, - звяртаўся да вернікаў казнадзей, - святарам і мне ў тым ліку ў пілігрымцы да веры. Бо без вас я бедны, як касцёльная мыш, без вашых малітваў, і нават без вашага вызнавання грахоў я бедны, бо вы таксама навяртаеце мяне ў спавядальні. Заплаці Божа вам, сярод вас у многіх прыгожае хрысціянскае жыццё, сямейнае жыццё. […] І будзьце такімі, бо такіх патрабуе Езус. І таму Ён мые нам ногі, каб удзельнічалі з Ім. І Ён так моцна абмыў ногі некаторым святарам, што яны не ўцяклі ад ваяўнічага камунізму і чарнобылю атэізму, засталіся і трывалі, кажучы вернікам: “Езус любіць вас!”

- Дапамажыце нам радавацца ў святарстве, бо вы з’яўляецеся нашай сям’ёй, - працягваў кс. Раман. - Дапамажыце нам з радасцю служыць, адкрыта служыць, дапамажыце нам пілігрымаваць ў духу веры нашых айцоў, прысутных тут бабуль і дзядуль. […] Дапамажы, Езу, каб мае рукі не дрыжалі, калі я бяру ў свае нягодныя рукі Тваё Цела, каб мае рукі не дрыжалі тады, калі выцягваю Тваю руку ў маёй над грэшнікам і даю разграшэнне. Пане, праводзь мяне да людзей, пра якіх так прыгожа казаў у Ватыкане папа Францішак: “Шукайце людзей!”

Напрыканцы св. Імшы Найсвяцейшы Сакрамант у працэсіі быў перанесены да цямніцы, дзе трывала Адарацыя.

Сёння, у Вялікую Пятніцу, адзіны дзень у літургічным годзе, калі ў Касцёле не адпраўляецца св. Імша. Увечары ў катэдры ў 18 гадзін распачнецца набажэнства Крыжовага шляху, а пасля ў 19 гадзін распачнецца Літургія Мукі Пана, якая складаецца з Літургіі Слова, Адарацыі Крыжа і абраду св. Камуніі.