Skip to main content

Працэсія на Вербную нядзелю ў Гродне: фотарэпартаж

Традыцыйная працэсія вернікаў з вербачкамі распачалася на ўзгорку каля пабернардынскага касцёла. Святочнае шэсце моладзі са шматлікіх парафій дыяцэзіі да катэдры ўзначаліў ксёндз біскуп Аляксандр Кашкевіч. Пасля працэсіі Яго Эксцэленцыя цэлебраваў св. Імшу ў Фарным касцёле. Храм не змяшчаў усіх ахвотных трапіць на ўрачыстую літургію, якая распачынае Вялікі Тыдзень. Глядзіце наш фотарэпартаж з Вербнай нядзелі!

Надвор'е цешыла не цяплом, дык сонцам. А моладзі, якая прыйшла на ўзгорак пабернардынскага касцёла, сапсаваць вясёлы настрой не магло ўвогуле нічога - ні мароз, ні хмаркі. Парафіі з Гродна, ваколіц і нават іншых гарадоў высока ўздымалі свае "пальмы" - пераплеценыя з розных раслін і ўпрыгожванняў, яны сягалі некалькі метраў увышыню. Кс. Валеры Быкоўскі, які выйшаў прывітаць моладзь, на вока вызначыў, што найвышэйшая "пальма" была ў парафіі аа. францішканаў. Затое вернікі з парафіі Гродна-Аўгустовак зрабілі настолькі шырокую "пальму" ў абхваце, што ледзьве маглі яе ўзняць.

Кс. бп Аляксандр Кашкевіч традыцыйна асвяціў вербачкі і ўзначаліў працэсію, якая ўрачыста выйшла з узгорка да Фарнага касцёла праз Савецкую плошчу.

- Вашыя пальмы, як заўсёды, вельмі прыгожыя. Але вы самі яшчэ больш прыгожыя пальмы - тут сабралася самая лепшая моладзь, і я вамі ганаруся, - звярнуўся да моладзь Яго Эксцэленцыя перад асвячэннем вербачак.

Пасля працэсіі ў катэдры адбылася св. Імша, якую ўзначаліў кс. біскуп Аляксандр Кашкевіч. Моладзь заняла практычна ўсю прастору храма, хістаючы свае вербачкі ў такт спеваў, якія суправаджалі літургію. Сёлета ўрачыстую Эўхарыстую на Вербную нядзелю, або Нядзелю Мукі Пана, музычна аздабляў гурт з парафіі Найсвяцейшага Адкупіцеля "Redemptor", які пасля св. Імшы заспяваў яшчэ некалькі песень.

Падчас казання ксёндз біскуп Аляксандр сярод іншага ўзгадаў Сусветныя дні моладзі, якія маюць адбыцца сёлета ў Рыо-дэ-Жанейра. Яго Эксцэленцыя нагадаў аб важным абавязку кожнага хрысціяніна абвяшчаць Евангелле:

- У пасланні на сёлетні Сусветны дзень моладзі папа Бенедыкт XVI прыпамінае моладзі аб місійным наказе Езуса Хрыста Уваскрослага: “Ідзіце і навучайце ўсе народы!”, - казаў ксёндз біскуп. - Гэтыя словы Хрыста, абраныя за дэвіз сёлетніх Сусветных дзён моладзі, заўсёды застаюцца актуальнымі. Яны падкрэсліваюць фундаментальнае заданне Касцёла, якім з’яўляецца заданне дзяліцца Добрай Навіной аб збаўленні з кожным чалавекам Добрай волі. Як хрысціяне, усе без выключэння, атрымалі ад Хрыстуса заданне быць Яго Абвяшчальнікамі. Гэта вымагае ад нас асабістай сустрэчы з Хрыстом, наследвання Хрыста, адкрыцця на Яго Слова і дзейнасць Божай Ласкі. Толькі той, хто асабіста сустрэў Хрыста ў сваім жыцці і мае досвед Яго любові, будзе здольны дзяліцца радасцю Евангелля з іншым чалавекам.

Напрыканцы ён пажадаў моладзі, "каб гэты Вялікі Тыдзень, які сёння распачынаем, дапамог нам па-новаму спазнаць збаўчую любоў Хрыста, якая прамаўляе да нас з Крыжа."

Па словах кс. пробашча Яна Кучынскага, у гэты дзень, Нядзелю Мукі Пана, на усіх літургіях у катэдры агулам узяло ўдзел каля 35 тысяч вернікаў.