Skip to main content

VI Нядзеля Вялікага посту. кс. Андрэй Кеўлюк

VI Нядзеля Вялікага посту (Пальмавая Нядзеля). Кс. Андрэй Кеўлюк

Сённяшняя літургія слова нагадвае кожнаму з нас пра нашае збаўленне і пра тое, у які балючы спосаб яно здзейснілася для нашага Збаўцы.

Я хацеў бы, дарагія браты і сёстры ў Хрысце, у сённяшнім нашым разважанні засяродзіцца на асобах, якіх узгадвае сённяшняе Евангелле.

Старэйшыны народу, першасвятары і кніжнікі вінавацяць Езуса Хрыста ў зводжанні народа, робяць усё гэта з-за ўласнага эгаізму, з-за нежадання прызнацца ў зле, якое здзяйсняюць, з-за непрыняцця Езуса як Сына Божага і нежадання выправіць сваіх памылак. Усе яны зрабілі сабе ўласнага бога, які не парушае іх сумлення і апраўдвае іх нявер’е і ўчынкі.

Наступнай асобай, якую мы сустракаем, з’яўляецца Пілат. Ён як суддзя не знаходзіць у Вязня ніякай віны, якая магла бы стаць прычынай і следствам смяротнага пакарання, але з-за натоўпу, як той вуж, жадае выслізнуць ад адказнасці і адсылае Езуса да Ірада. А пазней мые рукі на знак сваёй невінаватасці ў смерці Справядлівага. Робіць ён усё гэта перш за ўсё з-за страху страціць прыхільнасць цэзара і людзей, страху страціць уладу, якую мае на дадзены момант.

Ірад, які ўзрадаваўся з’яўленню ў сваім палацы Езуса, напэўна, мог бы Яго выратаваць, але чакаў толькі і выключна цуду, а не атрымаўшы жаданага, высмяяў Збаўцу свету і адаслаў. Таксама як і многія людзі ў розныя часы гісторыі лічылі і лічаць Езуса Хрыста за чараўніка, які павінен выконваць выключна іх жаданні і капрызы, не даючы наўзамен свайго навяртання, а самае галоўнае, згоды на волю Божую, якая вельмі часта разыходзіцца з воляй просячага.

Вялікая група людзей, натоўп, які не толькі назірае за дзеяннем (прадстаўленнем), якое адбываецца, але і сам удзельнічае ў ім. Натоўп, які ведае ўсе ўчынкі Вязня і Яго дабрыню, выракае свайго Дабрачынцу на ганебную смерць. У натоўпе заўсёды можна схавацца за кімсьці, заўсёды можна апраўдацца, што я рабіў так, як усе, я не хацеў выдзяляцца сярод іншых, не хацеў быць “белай варонай”, хоць Бог чакае ад мяне быцця асобай, якую Ён стварыў.

Сымон, чалавек, стомлены працай, прымушаны несці крыж Хрыста, робіць гэта з неахвотай не толькі з-за стомы, але таксама і з-за таго самага натоўпу, якому важная толькі сенсацыя і цікавасць, што будзе далей, саромеецца гэтай дапамогі. Аднак аказаная дапамога, цяжар крыжа, позірк Хрыста змяняюць асабістае жыццё Сымона і жыццё яго родных. Як часта Бог ставіць і на нашым жыццёвым шляху людзей, патрабуючых нашага часу і нашай дапамогі. Можа, менавіта гэты час, патрачаны на нейкага, стане і для мяне часам майго збаўлення і прыкладам да наследавання.

Як моцна адрозніваюцца жанчыны, плачучыя і нібыта спачуваючыя Вязню, ад дзейснай Веранікі. Людзі патрабуюць не толькі нашага спачування, але і канкрэтных нашых учынкаў. Узгадваецца тут просьба з паўсюднай малітвы вернікаў у часе жалобнай Імшы, якая заклікае прысутных да дзейснай дапамогі сям’і памерлага і таварышання жалобнай цырымоніі.

Жаўнеры, якія выконваюць экзэкуцыю, таксама, як і натоўп, здзекуюцца з Езуса. Гледзячы на іх, нараджаецца пытанне: “Ці тая праца, служба, абавязак робяць з мяне бяздушнага чалавека, які не лічыцца з болем іншага, можа, слабейшага, безабароннага? Ці я застаюся Чалавекам?”.

Вельмі важнымі асобамі з’яўляюцца таксама і злачынцы, павешаныя побач. Дзве розныя асобы, а можа, лепш дзве рэчаіснасці жыцця і паводзін чалавека: першы, зразумеўшы свой учынак і, самае галоўнае, прыняўшы з пакорай і зразуменнем атрыманае за яго пакаранне, навяртаецца і, просячы прабачэння, атрымлівае яго; другі – адмаўляе Божае прабачэнне, не прызнаецца ў віне, праклінае ўсё і ўсіх, вінаваціць іншых за тое, што ён зрабіў, застаецца ў адзіноце са сваёй нянавісцю і гардыняй. Да якога з іх падобны я?

Асобы, узгаданыя ў сённяшнім Евангеллі, павінны нас навучыць, якімі мы павінны быць, а якімі не; прывесці таксама нас да рахунку сумлення з уласнага жыцця і ўчынкаў, якія мы ўжо зрабілі, але яшчэ не выправілі і з якіх у нас ёсць шанец выправіцца, каб ЖЫЦЬ.

Жыць і быць вольнымі…