Skip to main content

Кс. Казімір Жыліс: Я шчаслівы ад таго, што працую ў Беларусі

Сёння каталіцкі Касцёл ушаноўвае св. Казіміра. Гэты святы асабліва важны для Касцёла на Гродзеншчыне, бо з’яўляецца святым заступнікам нашай дыяцэзіі. А ўчора, “у вігілію св. Казіміра”, як сказаў кс. бп Аляксандр Кашкевіч, падчас вечаровай св. Імшы ў катэдры а. Казімір Жыліс дзякаваў Богу за 40 год свайго святарства. Лёс гэтага святара вельмі цесна звязаны з адраджэннем каталіцкага Касцёла на Гродзеншчыне. За доўгую і адданую паслугу айцу дзякавалі і прыбылыя святары, і шматлікія вернікі.

Літургію з гэтай нагоды ўзначаліў кс. абп Тадэвуш Кандрусевіч, які скіраваў айцу езуіту шмат цёплых словаў. Падчас казання, у якім Яго Эксцэленцыя згадваў багатае на падзеі жыццё і паслугу а. Казіміра, ксёндз арцыбіскуп вельмі расчуліўся. Бо яны абодва ўдзельнічалі ў аднаўленні і станаўленні мясцовага Касцёла.

Ксёндз арцыбіскуп таксама адзначыў, што гэтая малітоўная падзяка і святочнае перажыванне 40-годдзя святарскага служэння з’яўляецца і актам паклікання:

- Мала мець семінарыю, добрую бібліятэку, добрых прафесараў. Там павінны быць людзі, тыя, якія чуюць голас Хрыста, Які кліча. А Хрыстос і сёння кліча. Кажуць, што сёння перажываем крызіс паклікання. Няма крызісу. Хрыстос кліча столькіх, колькі трэба. Толькі ці чуюць Яго маладыя людзі?.. Можа, у тлуме сучаснага жыцця яны не чуюць Яго голас? Таму няхай сённяшні прыклад а. Казіміра як адданага пастара ў службе Касцёлу і людзям дапаможа моладзі пачуць голас Хрыста, Які кліча.

У казанні ксёндз арцыбіскуп згадваў жыццёвыя шляхі кс. Казімра Жыліса, які, па словах кс. аб-па Тадэвуша, з’яўляецца “актам вялікай міласэрнасці і Божай ласкі”. Казнадзея назваў а. Казіміра змагаром за веру, які “як цунамі рушыў сцены атэізму, каб праз іх дайсці да чалавека”.

Ужо ў не вельмі юнацкім узросце, у 50 з лішнім гадоў, а. Казімір паехаў навучацца ў Амерыку, каб стварыць на Гродзеншчыне першую ў Беларусі каталіцкую тэлестудыю.

- Ён першым узяў камеры, каб фіксаваць тыя перамены ў жыцці Касцёла на Беларусі, якія адбываліся вельмі імкліва, - працягваў ксёндз арцыбіскуп.

Айцу Казіміру мы абавязаныя багатымі відэаматэрыяламі пра жыццё гарадзенскага Касцёла практычна ад пачатку яго адраджэння.

- А пасля ён пайшоў у турму, бо там таксама былі людзі, якія патрабавалі Божага слова. І там ён стаў вельмі вялікім аўтарытэтам.

Вернікі ўдзячныя святару і за споведзі. У вольню хвіліну а. Казімір спяшаецца да канфесіяналу, каб дапагаць вернікам паяднацца з Богам. Да яго заўсёды ёсць чэргі, бо “ён, можа, і суровы, але кажа праўду”, дадаў Яго Эксцэленцыя.

Напрыканцы св. Імшы павіншаваць А. Казіміра з такім прыгожым юбілеем і падзякаваць за шчырую святарскую паслугу выйшлі з кветкамі і падарункамі святары, ад якіх прамаўляў кс. Юры Ёдзік, самыя маленькія вернікі дыяцэзіі, прадстаўнікі малітоўнай групы Маці Божай Кангрэгацкай, вернікі з Індуры, дзе кс. Казімір служыў пробашчам. У сваю чаргу кс. Казімір падзякаваў усім, хто падтрымліваў яго у святарскай службе на Беларусі і хто прыйшоў памаліцца за яго на св. Імшу.

- Я шчаслівы ад таго, што тут працую, - дадаў а. Казімір.