Skip to main content

Практычны семінар для свецкіх журналістаў “Хрысціянства ў свецкіх СМІ” прайшоў у Баранавічах

Свецкія журналісты з розных куткоў Беларусі сабраліся ў Баранавічы на навукова-практычны семінар “Хрысціянства ў свецкіх СМІ”, які прайшоў у сценах Катэхетычнага каледжа імя З. Лазінскага 2-3 сакавіка.

Магчымасці ўзаемадзеяння хрысціянскіх супольнасцяў і свецкіх СМІ, а таксама практычныя метады асвятлення духоўнай тэматыкі ў СМІ сталі асноўнымі мэтамі семінара. Яго можна назваць яшчэ адным крокам на шляху будаўніцтва дыялогу паміж Касцёлам і прадстаўнікамі СМІ. Адным з першых практычных крокаў у гэтым накірунку стаў І Кангрэс каталіцкіх журналістаў Беларусі, што прайшоў у канцы жніўня 2012 года ў Гродне.

Сярод запрошаных спікераў, якія на час працы семінара выступалі ў ролі экспертаў, былі дырэктар Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё кс. Аляксандр Амяльчэня (даклад “Каталіцтва ў свецкіх СМІ”), рэлігійны карэспандэнт агенцтва «РИА Новости» і выкладчык з факультэта журналістыкі МДУ Віктар Хруль (“Рэлігія і СМІ ў публічнай сферы: у пошуках узаемаразумення”), журналістка і выкладчыца кафедры сацыялогіі журналістыкі МДУ Марыя Анікіна (даклад “Праваслаўе ў свецкіх СМІ”), а таксама генеральны прадзюсар тэлеканала «Аб’яднанае тэлебачанне» з Санкт-Пецярбурга Міхаіл Фацееў (даклад “Асвятленне хрысціянства ў свецкіх СМІ: пабудова аптымальнай мадэлі”).

Як зазначыў падчас адкрыцця семінара адказны за СМІ пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч, семінар для свецкіх журналістаў пакліканы да пошуку новых перспектыў супрацоўніцтва свецкіх СМІ і рэлігіі.

 – Сучасны Касцёл павінен як мага больш выкарыстоўваць розныя сродкі сацыяльнай камунікацыі, (...) таму прысутнасць Касцёла ў сферы медыя з’яўляецца неабходным элементам яго пастырскай стратэгіі, – зазначыў іерарх.

Найбольш ажыўленымі пунктамі праграмы семінара стала праца свецкіх журналістаў у групах, дзе праявіўшы камандны дух, журналісты павінны былі распрацаваць рэдакцыйны план дзеяння пры сенсацыйных навінах, як, напрыклад, “выбранне” арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча новым Папам Рымскім...

Пытанні і абмеркаванні знаходзілі свой працяг і на вечаровай дыскусійнай трыбуне, у якой прымалі ўдзел як прадстаўнікамі свецкіх СМІ, так і спікеры і практычнага семінара.

3 сакавіка напрыканцы семінара адказны за СМІ пры Канферэнцыі ККБ мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч даў прэс-канферэнцыю. У прыватнасці, журналісты цікавіліся, як арцыпастыр ставіцца да выкарыстання сацыяльных сетак і ці патрэбен яму асабісты прэс-сакратар.

Завяршыла семінар супольная святая Імша, якую цэлебраваў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

У наш час мас-медыя сталі новым евангелізатарам, – адзначыў у сваёй гаміліі мітрапаліт. – Няхай каталіцкая прэса, а таксама яе плённае супрацоўніцтва са свецкай прэсай дапамогуць нам пазнаць Евангелле і праз яго прызму — саміх сябе.

На партале catholic.by ажыццяўлялася онлайн-трансляцыя семінара, якую забяспечвалі супрацоўнікі Каталіцкай відэастудыі з Гродна.

Юрый Маркоўскі

спецыяльна для grodnensis.by