Skip to main content

У Гродне адбылася духоўная сустрэча святароў

28 лютага ў будынку Гродзенскай ВДС адбыўся дзень засяроджання для святароў, якія нясуць сваю душпастарскую паслугу ў дэканатах Гродна-Захад, Гродна-Усход, Сапоцкіна, Вялікая Бераставіца, Ваўкавыск і Масты. У сустрэчы на чале з кс. біскупам Аляксандрам Кашкевічам узялі ўдзел каля 50 святароў.

Спатканне распачалося гімнам да Святога Духа і малітвай Літургіі гадзінаў. Аскетычная канферэнцыя, якую правёў духоўны айцец Гродзенскай дыяцэзіі а. д-р Андрэй Шчупал CSsR, была прысвечана разважанню над Эўхарыстычнай паслугай святара ў кантэксце перажыванага Года веры. На пачатку а. Андрэй звярнуў увагу святароў на паглыбленне духоўнай абыякавасці вернікаў і на тое, што сучасная хрысціянская супольнасць патрабуе больш глыбокай, новай Евангелізацыі. Эфектыўная евангелізацыйная дзейнасць душпастара наўпрост залежыць ад замілавання таінствам Эўхарыстыі.

Непасрэдна пасля канферэнцыі святары мелі магчымасць адараваць Найсвяцейшы Сакрамант, а таксама вызнаць грахі і атрымаць сакрамантальнае прабачэнне.

Св. Імшу ўзначаліў кс. бп Аляксандр Кашкевіч, які на самым пачатку нагадаў прысутным святарам пра апошні дзень паслугі папы Бенедыкта XVI, а таксама заахвоціў да малітвы ў яго інтэнцыі, каб ён і надалей падтрымліваў Касцёл прыкладам сваёй веры і малітвы.

Гамілію прамовіў кс. мгр Тадэвуш Крыштопік, духоўны кіраўнік Гродзенскай вышэйшай духоўнай семінарыі, у якой, абапіраючыся на Евангельскую прыпавесць аб Багачы і Лазару, звярнуў увагу на тое, што з'яўляецца сапраўды важным у паслузе святара - чыніць дабро і ніколі не марнаваць дадзенага Богам часу.

Пасля Эўхарыстычнай літургіі душпастарскія камунікаты абвясціў віцэ-канцлер Гродзенскай курыі кс. мгр Антоній Грэмза.