Skip to main content

Велікапосныя рэкалекцыі для катэхетаў і студэнтаў катэхетычных курсаў адбыліся ў Гродне 16-18 сакавіка

Духоўныя сустрэчы ўяўлялі сабой катэхетычныя майстар-класы, спалучаныя з рэкалекцыйнымі навукамі з супольнымі разважаннямі над Словам Божым. Арганізатарамі духоўных сустрэч выступіў аддзел выхавання і навучання пры Гродзенскай курыі на чале з а. д-рам Андрэем Шчупалам CSsR.

У суботу на пачатку рэкалекцый кс. бп Аляксандр Кашкевіч прывітаў усіх удзельнікаў. У нядзелю Яго Эксцэленцыя цэлебраваў ранішнюю св. Імшу, а ў панядзелак разам з катэхетамі маліўся малітвай Ютрані. Ксёндз біскуп на пачатку падкрэсліў вялікую вартасць паклікання катэхетаў у іх працы над евангелізацыяй дзяцей і моладзі. Таксама ён нагадаў, што катэхеты з’яўляюцца супрацоўнікамі пробашча.

Галоўная ідэя сустрэч, паводле а. Андрэя Шчупала, – паглыбленне студэнтамі і катэхетамі сваёй веры, без якой немагчыма навучаць катэхезе дзяцей і моладзь, увогуле гаварыць пра Хрыста. Падчас сваіх казанняў айцец падкрэсліваў патрэбу адкрытасці катэхетаў на Божае Слова, а таксама патрэбу аддання сябе Хрысту ў паслузе Слова і любові да людзей.

У праграме сустрэч ладзіліся аскетычныя канферэнцыі, прэзентацыі актывізацыйных метадаў. Канферэнцыі праводзілі прадстаўнікі Школы новай евангелізацыі супольна з а. д-рам Андрэем Шчупалам CSsR.

У нядзелю ўдзельнікі аднаўлялі сакрамант хросту, а сёння 18 сакавіка на заканчэнне духоўнай сустрэчы яны аднаўлялі сакрамант канфірмацыі – сакрамант хрысціянскай сталасці.

Усяго ў рэкалекцыях удзельнічала каля 150 чалавек на працягу трох дзён: больш за 70 студэнтаў катэхетычных курсаў і каля 70 катэхетаў.

У Гродзенскай дыяцэзіі на дадзены момант знаходзіцца 60 манаскіх сясцёр і 33 свецкія асобы, якія навучаюць катэхезе дзяцей і моладзь у нашай дыяцэзіі. Апрача гэтага, катэхезу праводзяць святары і клерыкі.