Skip to main content

Дзень засяроджання для святароў Паўночнага рэгіёна

15 лютага ў духоўнай сустрэчы ўзялі ўдзел больш за 30 святароў, якія працуюць у Астравецкім, Ашмянскім і Смаргонскім дэканатах.

Дзень засяроджання распачаўся гімнам да Святога Духа і канферэнцыяй, якую правёў духоўны айцец Гродзенскай дыяцэзіі а. д-р Андрэй Шчупал CSsR. Свае разважанні на тэму святарства ён пабудаваў на фрагменце Святога Пісання, якое кажа пра асобу і паставу св. Яна Хрысціцеля, заклікаючы слухачоў да асэнсавання свайго жыцця і аналізу сваіх учынкаў і паводзін з пункту гледжання сваіх братоў і парафіян.

Пасля канферэнцыі надыйшла адарацыя Найсвяцейшага Сакраманту і час на перапрашэнне Хрыста за свае нявернасці і падзяку за атрыманыя ласкі, а таксама магчымасць скарыстання сакраманту пакуты.

Св. Імшу ўзначаліў кс. бп Аляксандр Кашкевіч. Гамілію казаў кс. дзекан Ян Пузына. У сваім слове казнадзея адзначыў, што сёння ў літургіі ўзгадваем бл. Міхала Сапоцьку, святара, які нарадзіўся на ашмянскай зямлі. Ён працытаваў словы папы Бенедыкта XVI: “Мы, святары, можам задумацца пра вялікія справы святых святароў, якія нам папярэднічалі, каб паказаць нам дарогу […] Святыя паказваюць нам, як адбываецца аднаўленне і як можам яму служыць. Яны дазваляюць таксама нам пазнаць, што Бог не глядзіць на вялікія лічбы і поспехі знешнія, але дасягае сваёй перамогі ў сціплым знаку зярнятка гарчыцы”. Такім прыкладам святарскай паслугі можа быць блаславёны Міхал Сапоцька, фрагменты з жыцця якога былі зачытаныя, а занатаваў ён іх у сваім дзённіку.

Кс. біскуп у сваёй прамове заахвоціў да падзякі Богу за паслугу папы Бенедыкта XVI і папрасіў аб малітве ў яго інтэнцыі.

Пасля Эўхарыстычнай літургіі душпастарскія камунікаты абвясціў віцэ-канцлер Гродзенскай курыі кс. Антоні Грэмза.

На заканчэнне св. Імшы ксёндз біскуп паблаславіў рэліквіямі бл. Міхала Сапоцькі.

Кс. Валеры Аброшка